Вольга Быкоўская: Хіба што мой першы пратакол...
На актывістку “Руху за Свабоду” і журналістку Вольгу Быкоўскую, якую выклікалі сёння ў РУУС Ленінскага раёна Мінска, склалі пратакол правапарушэння па арт. 23.34 КаАП (удзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве).
Пра тое, як усё адбывалася і пра свае рэфлексіі Быкоўская паведаміла ў фэйсбуку.
“Наведала Ленінскі РУУС. Склалі пратакол па арт. 23.34 ч.1 (парушэнне правядзення масавых мерапрыемстваў) за ланцуг 7 снежня. Паказалі маё фота буйным планам.
У сваю чаргу я прызнала, што знаходзілася ў вызначаны час каля Галоўпаштампту для падтрымкі #незалежнасць Беларусі. Але віны сваёй не пабачыла, бо была там у адпаведнасці з правамі, дадзенымі мне Канстытуцыяй.
Упэўненая, што зараз важна выступаць у падтрымку суверэнітэту. Улады не толькі не могуць даць сваім грамадзянам гарантыі яго абароны, але і выкарыстоўваюць карны апарат супраць тых для каго незалежная Беларусь безумоўная каштоўнасць."
Вольга Быкоўская прызналася, што гэта першы пратакол адміністрацыйнага правапарушэння ў ейным жыцці.
Праваабаронцы нагадваюць, што позвы з’явіцца ў аддзяленні міліцыі для складання пратаколаў правапарушэнняў за ўдзел у мірных шэсцях 7 і 8 снежня супраць падпісання інтэграцыйных дакументаў з Расіяй, атрымалі каля 20-ці чалавек.