Віцебск: яшчэ два штрафы за сюжэт для “Белсата”
Суд Віцебскага раёна 12 снежня аштрафаваў журналістаў-фрылансераў Алену Шабуню і Змітра Лупача амаль на 2 тысячы рублёў паводле артыкула 22.9 КаАП ("Парушэнне заканадаўства аб сродках масавай інфармацыі”).
Па інфармацыі службы маніторынгу Беларускай асацыяцыі журналістаў, суддзя Ганна Ігнаценка прызнала журналістаў вінаватымі ў парушэнні заканадаўства аб СМІ — за супрацу з замежным медыя без акрэдытацыі ў беларускім міністэрстве замежных спраў.
Паводле рашэння суда, Зміцер Лупач мусіць сплаціць у дзяржказну штраф у памеры 42 базавых велічынь, Алена Шабуня — 32 базавыя велічыні.
16 лістапада на тэлеканале “Белсат” быў паказаны відэасюжэт пра жыхароў вёскі Шэвіна, якія адмовіліся ісці на мінулыя парламенцкія выбары з-за даўняй і нявырашанай праблемы. Пратэст вяскоўцаў быў звязаны з тым, што ніводзін дэпутат не дапамог сталым ужо людзям дамагчыся маленькай саступкі — дазволу на праход па тэрыторыі санаторыя “Лётцы”. Раней яны хадзілі па дарозе ўздоўж плота ў суседнія Малыя Лётцы, дзе ёсць крама, аптэка, пошта і чыгуначная станцыя. Цяпер праход закрылі, і вяскоўцам даводзіцца дабірацца па дарозе, якая на тры кіламетры даўжэй.
Увага журналістаў была вельмі дарэчы, сказала на судзе старэйшына вёскі Антаніна Зайцава:
— Мы куды толькі не звярталіся — і ў віцебскія газеты, і на АНТ, і ў праграму “Времечко”. Карэспандэнты прыязджалі, здымалі, запісвалі, але ніводзін сюжэт пра наша гора так і не выйшаў. Адзінае выключэнне — “Белсат”, і то над людзьмі, якія хацелі нам дапамагчы, зладзілі судзілішча!
Працэс над журналістамі вяла суддзя Ганна Ігнаценка. На думку Алены Шабуні, паводзіны суддзі былі абуральныя:
— Суддзя не задаволіла ніводнага хадайніцтва, у тым ліку на ўдзел у працэсе сябра ГА “БАЖ”, праваабаронцы Паўла Левінава. Яна не давала гаварыць, перабівала, рабіла недарэчныя заўвагі, пагражала. А калі я папрасіла зрабіць перапынак і пайшла да старшыні суда, каб падаць на яе скаргу, суддзя ўжо была там і пра нешта раілася. Верагодна, і рашэнне пра тое, як нас пакараць, яна не прымала самастойна.
Журналістка пяць разоў заяўляла адвод суду, і штораз суддзя канстатавала, што для гэтага няма падставаў. Паводзіны суддзі Ганны Ігнаценка абурылі і журналістаў, якія прыйшлі асвятляць працэс. А Паўла Левінава яна ўрэшце рэшт выдаліла з залы суда, бо ён неаднаразова звяртаў увагу на памылкі падчас разгляду адміністрацыйнай справы.
На думку праваабаронцы Паўла Левінава, якога выдалілі з пасяджэння, суддзя прадэманстравала не толькі прававую непісьменнасць, але і слабае веданне працэсуальнага заканадаўства, таму зрабіла шмат памылак падчас пасяджэння.
Што да вынікаў, то Павел Левінаў гатовы дапамагчы ў абскарджванні пастановы:
— Алена Шабуня і Зміцер Лупач рэалізоўвалі сваё права на свабоду выказвання ўласнага меркавання, і за рэалізацыю гэтага права іх караюць. Пра якую прававую дзяржаву тады можна казаць? Скарга будзе пададзена ў Віцебскі абласны суд, а калі гэты орган не верне сітуацыю ў прававое поле, то журналісты будуць вымушаныя звярнуцца ў вышэйшыя інстанцыі, аж да Камітэта ААН па правах чалавека.