Беларусы пратэстуюць: акцыі супраць “паглыблення інтэграцыі” з Расіяй Фота Дапоўнена
Напярэдадні 7 снежня былі анансаваныя два варыянты правядзення акцый пратэсту – “жывы ланцуг” па праспекце Незалежнасці ад будынку Дзяржцырка да Галоўпаштамта. Затым па прапанове сустаршыні ствараемай партыі “Беларуская хрысціянская дэмакратыя” Паўла Севярынца – мітынг на Кастрычніцкай плошчы. Пачатак у 12 гадзін.
Акцыі запланаваныя на фоне падпісання дарожных карт па інтэграцыі Беларусі і Расіі, а таксама анансаванай на 7 снежня сустрэчы Аляксандра Лукашэнкі і Уладзіміра Пуціна ў Сочы.
“Мы вырашылі пабудаваць жывы ланцуг ад дзяржаўнага Цырка да плошчы Незалежнасці. Наша мэта - сродкамі негвалтоўнага супраціву паказаць, што беларусы не прызнаюць патаемных дамоўленасцяў паміж уладамі Беларусі і Расеі і не я на тое, каб лёс краіны вырашаўся без іх удзелу”, - паведамляюць актывісты кампаніі «Свежы вецер» у фэйсбуку.
11.20. На Кастрычніцкай плошчы назіральнікамі адзначаецца прысутнасць пераапранутых супрацоўнікаў сілавых структур, паўтары дзесяткі чалавек. Людзі збіраюцца купкамі ўздоўж праспекту. Побач - супрацоўнікі ДАІ.
11.40. У розных месцах утвараюцца ланцугі ад 20 да 60 чалавек. Таксама людзі збіраюцца і на Кастрычніцкай плошчы. Супрацоўнік міліцыі з гукаўзмацняльнай апаратурай гучна папярэджвае аб тым што масавае мерапремства недазволенае. Просіць прысутных разыйсціся. Людзі пачынаюць рухацца ў бок Кастрычніцкай плошчы.
11.50. Супрацоўнік міліцыі абвяшчае, што у дачыненні да ўдзельнікаў несанкцыянаванай акцыі можа быць ужыта адміністрацыйная адказнасць.
12.00. У закутку каля Дома афіцэраў схаваліся міліцэйскія спецмашыны і мікрааўтобусы.
На плошчы скандуюць "Жыве Беларусь!". На заклікі міліцыі пакінуць плошчу, крычаць "Не!".
Трапляліся кампаніі нават з дзяржаўнай сімволікай.
Па стане на 12.10 на Кастрычніцкай плошчы налічваецца 480 чалавек.
Паведамляюць, што адбываюцца правакацыі ў дачыненні да журналістаў. Іх гвалтам скідваюць каля плошчы з прыступак Палаца супрацоўнікі міліцыі ў цывільным.
12.20. Супрацоўнікі міліцыі перамаўляюцца па рацыі: "Працуем спакойна. Гэтага не чапаць".
12.25. Сутычка каля прыступак Палаца Рэспублікі. Маладзёна з бел-чырвона-белым сцягам супрацоўнікі міліцыі пацягнулі некуды ўбок.
12.30.Назіральнікі спрабуюць падлічыць колькасць удзельнікаў акцыі пратэсту. Пакуль вось так:
Выступае Максім Вінярскі з заклікам “Лукашэнка павінен сысці!”. Затым слова бярэ Дзяніс Урбановіч. Яму пашкодзілі руку падчас штурханіны, бачна кроў.
Актывістка Алена Талстая заклікала ўсіх, хто глядзіць стрымы, прыходзіць на Плошчу Каліноўскага.
Павел Севярынец заклікае не разыходзіцца і застацца на плошчы да вечара.
12.45. На плошчы выступаюць пісьменнікі Уладзімер Арлоў, Уладзімер Някляеў, актывіст Андрусь Войніч, мастак Алесь Марачкін.
13.05. На плошчы парвалі на шматкі некалькі партрэтаў Уладзіміра Пуціна.
Удзельнікі мітынгу намерваюцца прайсціся да Плошчы Незалежнасці, а затым вярнуцца назад. Рушылі.
13.20 У калоне, якая рушыла да Плошчы Незалежнасці - крыху болей за 550 чалавек. Рух калоны супрацоўнікі міліцыі фіксуюць на відэакамеры.
Людзі спыніліся каля будынку КДБ.
12.36. У сіні міліцэйскі бусік забралі неадэкватнага чалавека. Перад гэтым ён крычаў "Расія!".
Гэта 18-гадовы Ягор Красата, які вучыцца на гістфаку БДУ і працуе прадаўцом-кансультантам у Мінску. У школе ён быў 1-м сакратаром БРСМ. Удзельнік злётаў «рускамоўнай моладзі краін СНД і Балтыі», паведамляе "Наша Ніва".
26 “ціхароў” сканцэнтраваліся каля гатэля “Мінск”.
13.55. Удзельнікі шэсця збіраюцца каля Чырвонага касцёла на плошчы Незалежнасці.
14.00. Святар Леанід Акаловіч чытае малітву каля Чырвонага касцёла. Тым часам Севярынец прапануе пайсці да плошчы Свабоды.
14.15 Калона завярнула на вуліцу Валадарскага. Людзі не змяшчаюцца на ходніках, выходзяць на праезную частку. Супрацоўнікі ДАІ спрабуюць загнаць іх назад, на тратуары.
Калона крочыць па вузкай вуліцы Інтэрнацыянальнай. Людзі скандуюць: “Не-за-леж-насць!”
15.00 Пасля плошчы Свабоды, дзе выступоўцы патрабавалі вызваліць палітвязняў, калона ізноў рушыла да Палаца Рэспублікі.
15.24. На Кастрычніцкай плошчы працягваюцца выступы ўдзельнікаў акцыі. Прамаўляюць Пётра Садоўскі, Вячаслаў Сіўчык.
15.30. Павел Севярынец заклікаў людзей прайсці на плошчу Якуба Коласа. Людзі пайшлі за ім.
16.30. На плошчы Якуба Коласа праходзіць мітынг. Павел Севярынец заклікаў заўтра, 8 снежня, выйсці ў 12 гадзін на Кастрычніцкую плошчу