Братоў Урбановічаў асудзілі за "хуліганку"
Адміністрацыйную справу лідара “Маладога фронту” Дзяніса Урбановіча і яго брата Максіма Урбановіча разгледзелі сёння ў судзе Цэнтральнага раёна Мінска. На абаронцаў Курапатаў склалі пратаколы за нібыта дробнае хуліганства па арт. 17.1 КаАП.
Хлопцаў абвінавацілі ў тым, што яны 8 лістапада на акцыі "Сустрэча свабодных людзей" штурхалі дзверы гарадской Ратушы, калі браты кінуліся ратаваць Андрэя Шарэнду, якога супрацоўнікі АМАПа зацягнулі ў будынак.
Пры гэтым суд ніякім чынам не паведаміў ні Дзянісу, ні Максіму пра тое, што суд адбудзецца 5 снежня. Хлопцы даведаліся пра гэта выпадкова.
Суддзя палічыў братоў вінаватымі ў здзяйсненні адміністрацыйнага правапарушэння і прызначыў абодвум абаронцам Курапатаў штрафы па 30 базавых велічынь кожнаму.
Навіны ад Spring96.org у Telegram. Падпішыся на наш канал https://t.me/viasna96