За сюжэт пра адмову вяскоўцаў галасаваць на выбарах журналістаў выклікаюць у суд
Вяскоўцы напісалі заявы, што не будуць удзельнічаць у сёлетніх парламенцкіх выбарах, бо кіраўніцтва вобласці і раёна не рэагуе на даўнюю транспартную праблему. “Белсат” зняў пра гэта сюжэт. А журналістаў Алену Шабуню і Зміцера Лупача за гэты сюжэт будуць судзіць. Пра гэта паведамляецца на сайце БАЖ.
Жыхары вёскі Шэвіна не могуць наўпрост трапіць у суседнія Малыя Лётцы, дзе ёсць крама, пошта, аптэка ды іншыя аб’екты сацыяльнага прызначэння. Больш за тры кіламетры ім даводзіцца абыходзіць па лясных сцежках, бо дарога, якой яны карысталіся, трапіла за плот санаторыя “Лётцы”.
За сюжэт, у якім быў акцэнт на тэме выбараў, райаддзел міліцыі Віцебскага раёна распачаў адміністрацыйныя справы паводле артыкула 22.9 КаАП супраць Алены Шабуні і Зміцера Лупача. Судовы працэс мае адбыцца 12 снежня.
Міліцыянты так спяшаліся перадаць справы ў суд, што нават не апыталі Алену Шабуню: яна цяпер знаходзіцца ў ад’ездзе і прапанавала, каб яе апыталі ў пастарунку пасля 3 снежня.
Абодвух журналістаў ужо неаднаразова штрафавалі за супрацоўніцтва з тэлеканалам “Белсат”. Толькі сёлета для Зміцера Лупача гэта будзе чацвёрты судовы працэс, а для Алены Шабуні — другі.