Выбарчая вольніца скончылася, пачынаюцца суды Дапоўнена
У судзе Цэнтральнага раёна Мінска на 5 снежня прызначаны разгляд адміністрацыйнай справы актывісткі Насты Гусевай. Яе абвінавачваюць у парушэнні часткі 1 артыкула 23.34 КаАП (удзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве). Разгляд справы пачнецца ў 9.15.
Найбольш верагодна, што пратакол правапарушэння складзены з-за другой "Сустрэчы свабодных людзей", якая адбылася на плошчы Свабоды ў Мінску 16 лістапада. Актывістку выклікалі ў РУУС на 20 лістапада, аднак яна вырашыла не ісці.
Пратакол правапарушэння за ўдзел у гэтай акцыі таксама быў складзены на аднаго з лідараў ствараемай партыі БХД Паўла Севярынца. Пра гэта палітык паведаміў у сацыяльных сетках 21 лістапада:
“У Цэнтральным РУУС склалі пратакол за 16 лістапада. Далей - "суд".
27 лістапада Севярынцу стала вядома, што яго будуць таксама судзіць пятага снежня ў 9.15 у судзе Цэнтральнага раёна Мінска.
Праваабаронцам стала вядома, што на гэты ж час у суд выклікаюць Андрэя Кудзіка.
Для складання пратаколаў за ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве у аддзяленні міліцыі выклікаліся і іншыя актывісты. У прыватнасці, позву атрымалі сябры “Еўрапейскай Беларусі” Леанід Кулакоў, Андрусь Войніч і аршанскі блогер і былы кандыдат у дэпутаты Зміцер Казлоў (Шэры кот).
Казлоў атрымаў позву на 20 лістапада 22-га, то бок праз два дні пасля прызначанай міліцыяй даты. Яшчэ праз пару дзён ён атрымаў па пошце пратакол па ч.1 артыкула 23.34 КаАП за ўдзел у акцыі-шэсці 16 лістапада.
Навіны ад Spring96.org у Telegram. Падпішыся на наш канал https://t.me/viasna96