viasna on patreon

Моладзь і правы чалавека. Чым цікавіцца Швецыя ў Беларусі? Дапоўнена

2019 2019-11-25T17:51:32+0300 2019-11-26T11:03:54+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/an_linde.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

У мінскім гатэлі "Рэнесанс" 25 лістапада прайшоў адмысловы сняданак са шведскай дэлегацыяй, якую ўзначальвала міністэрка замежных спраў Ан Ліндэ. Гэта першы афіцыйны візіт у Беларусь шведскага прадстаўніка МЗС за некалькі дзясяткаў гадоў.

Ан Ліндэ. Фота: politico.eu
Ан Ліндэ. Фота: politico.eu

Швецыя вельмі зацікаўлена ў тым, каб пачуць голас грамадзянскай супольнасці, у тым ліку моладзі. Таму Ан Ліндэ запрасіла на сняданак прадстаўнікоў чатырох арганізацый, якія працуюць з моладзю: Задзіночанне Беларускіх студэнтаў, Human constanta, Моладзевы Савет “Рада” і Валанцёрская служба Праваабарончага цэнтра "Вясна". Яе прадстаўляла праваабаронца Наталля Сацункевіч.

sacunkevich_minsk.jpg
Наталля Сацункевіч. Фота: spring96.org

Наталля Сацункевіч распавяла пра напрамкі дзейнасці ПЦ "Вясна", у якія можа ўключыцца моладзь. Перш за ўсё, гэта назіранне за мірнымі сходамі, а таксама незалежнае назіранне за выбарамі.

“Я распавяла пра парламенцкія выбары, якія прайшлі нядаўна, і тое, што іх ацанілі як недэмакратычныя, непразрыстыя, як такія, якія не адпавядаюць міжнародным стандатам, – кажа Наталля Сацункевіч. – А таксама, як мы “ўцягвалі” моладзь у назіранне за імі. Тое, як людзі адгукнуліся, каб стаць валанцёрам-назіральнікам, добра паказвае актывізацыю грамадства. Таксама я распавяла шведскай дэлегацыі, што назіральнікі сутыкаліся з-за свайго ўдзелу ў кампаніі з ціскам на працы і вучобе”.

Ан Ліндэ запытала у праваабаронцы, як ПЦ “Вясна” працуе з грамадскасцю ў накірунку тэмы смяротнага пакарання, бо Беларусь – адзіная краіна ў Еўропе, якая мае такі від кары.

“Уражанні ад сустрэчы вельмі пазітыўныя. Я рада, што шведскі бок шукае кантактаў і слухае грамадзянскую супольнасць. А таксама я рада таму, што Швецыя ставіць у прыярытэт пытанне правоў чалавека ў Беларусі”, – падзялілася думкамі Наталля Сацункевіч.

У гэты ж дзень Ан Ліндэ і міністр замежных спраў Фінляндыі Пека Авісто сустрэліся з прадстаўнікамі беларускіх дэмакратычных палітычных партый і праваабаронцамі. На сустрэчы прысутнічалі старшыня ПЦ "Вясна" Алесь Бяляцкі і кіраўнік Беларускай асацыяцыі журналістаў Андрэй Бастунец.

Падчас мерапрыемства міністры, палітыкі і праваабаронцы абмеркавалі пытанні, датычныя правоў чалавека, свабоды распаўсюду інфармацыі. Таксама асобная ўвага была нададзеная вынікам маніторынгу выбараў у Палату прадстаўнікоў. Праваабаронцы адзначаюць, што сустрэча прайшла ў вельмі канструктыўнай атмасферы.  


Навіны ад Spring96.org у Telegram. Падпішыся на наш канал https://t.me/viasna96

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства