Сяргей Гоўша: Ня можа быць у чыноўніка статуса недатыкальнасці. Гэта злачынства. Дакумент
Баранавіцкі праваабаронца Сяргей Гоўша звярнуў увагу на словы Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі пра тое, што ў краіне створаны кадравы рэестр у колькасці 850 чалавек.
«[Гэтыя людзі] валодаюць пэўнымі паўнамоцтвамі і абаронай, імунітэтам. Да прыкладу, без дазволу прэзідэнта іх нельга затрымліваць, арыштоўваць. Гэта важна для таго, каб яны маглі самастойна дзейнічаць», – сказаў Аляксандр Лукашэнка.
На думку праваабаронцы, гэтыя дзеянні прэзідэнта груба парушаюць Канстытуцыю Рэспублікі Беларусь, а менавіта:
- артыкул 7: “У Рэспубліцы Беларусь устанаўліваецца прынцып вяршэнства права. Дзяржава, усе яе органы і службовыя асобы дзейнічаюць у межах Канстытуцыі …”;
- артыкул 23: “Ніхто не можа карыстацца перавагамі і прывілеямі, якія супярэчаць закону”.
Тым больш, што ані Канстытуцыя, ані Закон “Аб прэзідэнце РБ” не надзяляе дзяржаўнага чыноўніка імунітэтам недатыкальнасці.
“Стварэнне антыканстытуцыйнай групы ў мэтах фарміравання і атрымання ўлады, незаконнае надзяленне яе ўдзельнікаў адмысловамі паўнамоцтвамі з’яўляецца актам грубага выкарыстання ўлады ў асабістых інтарэсах”, – заключыў Сяргей Гоўша, спаслаўшыся на арт. 426 Крымінальнага Кодэкса РБ.
З гэтымі аргументамі праваабаронца звярнуўся ў цэнтральны апарат Следчага камітэту з заявай аб правядзенні следства наконт дзеянняў А.Г. Лукашэнкі.
У адказе, які Гоўша атрымаў 19 лістапада за подпісам В. А. Жукоўскага, гаворыцца аб тым, што ў звароце праваабаронцы няма “якіх-небудзь аб’ектыўных дадзеных”, якія б сведчылі аб злачынстве. І таму падстаў для правядзення Следчым камітэтам праверкі не маецца.
“Вашы словы неаб’ектыўныя, таму праверку праводзіць ня будзем”, – вось што застаецца у сухім астатку.