У Курапатах - бойка і затрыманні ўдзельнікаў акцыі каля рэстарана "Паедзем паядзім" Дапоўнена
Журналіст Дзяніс Івашын паведаміў на сваёй старонцы ў фэйсбуку аб тым, што масава затрымліваюць удзельнікаў Курапацкай варты. На відэа Івашына бачна, як людзі ў цывільным нападаюць на ўдзельнікаў варты. Спачатку міліцыянты ў форме бяздзейнічалі, але потым затрымалі актывістаў і адвезлі ў Бараўлянскі РАУС, паведамляе "Новы Час".
Напад на ўдзельнікаў варты адбыўся пасля таго, як Зміцер Казакевіч паспрабаваў патрапіць да выбарцаў, паразмаўляць з імі на тэрыторыі рэстарацыі «Паедзем паядзім».
Калі пачалася тузаніна, выклілкалі міліцыю. Затрыманыя актывісты Зміцер Казакевіч, Максім і Дзяніс Урбановічы, Валер Рабцаў, Іларыён Трусаў.
Увечары таго ж дня быў вызвалены Іларыён Трусаў. Астатнія застаюцца ў пастарунку, імаверна 4 лістапада іх будуць судзіць.
Іларыён напісаў, што вымушаны будзе звярнуцца па медыцынскую дапамогу, бо пакуль іх везлі ў мікрааўтобусе міліцыянты пашкодзілі нагу. Акрамя таго, па словах хлопца, ціхары фізычна здекваліся над затрыманымі, тапталі нагамі. Самога ж Іларыёна абшукалі і дапыталі без прысутнасці маці (хлопец непаўнагадовы). Цяпер яму пагражае адпраўка ў спец.установу закрытага тыпу, бо гэта ўжо чацвёрты пратакол на яго.
Як толькі што паведаміў Дзяніс Урабановіч, затрыманых зьбілі. Ён сам зараз знаходзіцца ў шпіталі ў Бараўлянах. Пасьпеў паведаміць, што зазнаў траўму шыі.
«Новы Час» будзе сачыць за развіццём сітуацыі.