viasna on patreon

Антыдыскрымінацыя ў Беларусі. Як дасягнуць рэалізацыі на практыцы? Фота Аўдыё

2019 2019-10-30T18:21:08+0300 2019-10-30T19:28:00+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/drozdovskij_i_muller.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

У Мінску 29 кастрычніка прайшоў семінар «Рамачны антыдыскрымінацыйны закон. Як дасягнуць рэалізацыі на практыцы». Яго арганізаваў Офіс па правах людзей з інваліднасцю і Прадстаўніцтва Фонду ім. Фрыдрыха Эберта ва Украіне і Беларусі.

Актуальнасць тэмы семінара абумоўлена сумным фактам — у Беларусі адсутнічае рамачны антыдыскрымінацыйны закон (гэта значыць такі закон, які б быў цалкам прысвечаны тэме дыскрымінацыі і ў якім было б дадзена паняцце «дыскрымінацыя», а таксама ўведзена адказнасць за яе). Дзяржава пакуль не лічыць патрэбным яго ствараць, аргументуючы гэта тым, што забарона на дыскрымінацыю прапісана ў іншых законах і кодэксах. Напрыклад, у Працоўным кодэксе ўказваецца забарона на дыскрымінацыю пры прыёме на працу. Аднак адказнасці за гэта парушэнне таксама не пазначана.

І хоць семінар і быў прысвечаны тэме дыскрымінацыі агулам, на ім абмяркоўвалася галоўным чынам тэма дыскрымінацыі ў дачыненні да людзей з інваліднасцю. Магчыма, прычына гэтага ў тым, што для ўладаў інваліднасць з'яўляецца пакуль самай зручнай тэмай для дыялогу, кажа дырэктар Офіса па правах людзей з інваліднасцю Сяргей Драздоўскі:

«Слова дыскрымінацыя выглядае вельмі страшным, і таму кажуць — окей, пра інваліднасць мы гатовыя гаварыць, але тэму сэксуальнай арыентацыі [і дыскрымінацыі ў адносінах да яе] — не чапайце, гендар — не чапайце, нейкія палітычныя асаблівасці дыскрымінацыі (як гэта ў сітуацыі з ромамі) — не чапайце. І таму атрымліваецца, што лягчэй за ўсё пакуль казаць пра дыскрымінацыю ў інваліднасці».

Сергей Дроздовский. Фото: ПЦ
Сяргей Драздоўскі. Фота: ПЦ "Вясна".

На семінары прысутнічалі прадстаўнікі дзяржаўных органаў, якія ажыццяўляюць экспертызу законаў на прадмет наяўнасці або адсутнасці ў іх дыскрымінацыі — гэта Генеральная пракуратура і Нацыянальны цэнтр заканадаўства і прававых даследаванняў РБ (НЦЗПД).

Представители Генеральной прокуратуры и НЦЗПИ во время семинара. Фото: ПЦ
Прадстаўнікі Генеральнай Пракуратуры і НЦЗПД падчас семінару. Фота: ПЦ "Вясна".

"Але тыя пытанні, якія яны задавалі, пакуль не сведчаць аб поўным разуменні нас, — падзяліўся ўражаннямі Сяргей Драздоўскі. — Так, прадстаўніца Генеральнай пракуратуры спытала пра адсотак людзей, якія падвяргаюцца дыскрымінацыі. Але ў нас іншы падыход. Няма неабходнасці думаць пра адсоткі і лічыць іх, бо нават калі дыскрымінацыі падвергнецца ўсяго адзін чалавек, то з гэтым трэба працаваць, а не спасылацца на тое, што гэта адзінкавы выпадак".

На гэтае ж пытанне адказала і Ірына Белая з міжнароднага грамадскага аб'яднання «Гендарныя перспектывы»:

«Нават існаванне нейкага адсотка людзей, якія сутыкнуліся з дыскрымінацыяй, не кажа пра тое, што менавіта гэтая колькасць людзей з ёй сутыкнулася. Мы праводзілі даследаванне аб дыскрымінацыі жанчын пры прыёме на працу і атрымалі дадзеныя, што вельмі мала жанчын, якія падвергліся дыскрымінацыі, кудысьці потым звярталіся, каб абараніць свае правы. Людзі часта не кажуць пра гэта».

Ирина Белая, МОО
Ірына Белая, МГА "Гендарныя перспектывы". Фота: ПЦ "Вясна".

А каб пазнаёміцца з вопытам прыняцця антыдыскрымінацыйнага заканадаўства ў іншых краінах, на семінар была запрошаная экспертка з Украіны.

Досвед Украіны

Экспертка па правах чалавека Людміла Фурсава распавяла пра гісторыю прыняцця ва Украіне Закона аб прадухіленні і супрацьдзеянні дыскрымінацыі.

Украіна вельмі доўга ішла да прыняцця антыдыскрымінацыйнага заканадаўства. Так, раней звычайна для Універсальнага перыядычнага агляду Украіна ў сваіх справаздачах спасылалася на існаванне 22-га артыкулу Канстытуцыі, дзе была акрэслена забарона дыскрымінацыі 

«То бок дзяржава раней казала, што ў нас ёсць магчымасць абараняцца ад дыскрымінацыі, так як ёсць такі артыкул, і значыць, у нас усё добра», — адзначыла Людміла Фурсава. [І гэта вельмі падобна на тую рыторыку, якую цяпер выкарыстоўвае Беларусь — заўв. рэд.]

Людмила Фурсова. Фото: ПЦ
Людміла Фурсава. Фота: ПЦ "Вясна".

Але неўзабаве Украіна прыйшла да новага разумення. Так, у 2011 годзе ў рэдакцыі закона "Аб асновах сацыяльнай абароненасці інвалідаў ва Ўкраіне» было адзначана, што дыскрымінацыя па прыкмеце інваліднасці ў законе забаронена. Зараз, праўда, слова «інвалід» ніхто не ўжывае.

«Мы ўжо прыйшлі да разумення таго, што ў нас няма «інвалідаў» у заканадаўстве. Гэты тэрмін не адпавядае міжнародным стандартам. Мы спрабуем вучыць асяроддзе казаць «чалавек з інваліднасцю», бо на першым месцы заўсёды павінна стаяць асоба», — адзначае Людміла Фурсава.

Затым Прэзідэнтам у Нацыянальным плане Украіны была зацверджана стратэгія па барацьбе з дыскрымінацыяй. І пачаліся актыўныя дзеянні.

Не ўсё было адразу гладка. Напрыклад, уключэнне ў законапраект забарону дыскрымінацыі ў працоўнай сферы па прыкмеце сэксуальнай арыентацыі выклікала спачатку вялікі рэзананс у грамадстве (галоўным чынам з боку рэлігійна-настроеных грамадзян).

У 2012 годзе быў прыняты (а ў 2014 адрэдагаваны) Закон Украіны «Аб асновах прадухілення і процідзеяння дыскрымінацыі ва Ўкраіне». Што важнага ў яго было ўнесена?

Перш за ўсё, было дадзена дакладнае вызначэнне "дыскрымінацыі".

Акрамя таго, у Законе дадзена вызначэнне пяці формаў дыскрымінацыі. У першую чаргу, гэта прамая і непрамая дыскрымінацыі.

Пад прамой дыскрымінацыяй разумеецца сітуацыя, калі з чалавекам па яго вызначаных прыкметах абыходзяцца менш добразычліва, чым з іншай асобай. А пад непрамой — сітуацыя, пры якой у выніку рэалізацыі нейтральных прававых норм і крытэрыяў ацэнкі для чалавека ўзнікаюць менш спрыяльныя ўмовы, чым для іншай асобы.

«Убачыць ўскосную (непрамую) дыскрымінацыю бывае складана, — кажа Людміла Фурсава. — Напрыклад, ўявім сітуацыю тэставання (для ацэнкі ўзроўню якіх-небудзь ведаў), на якое адводзіцца стандартна для ўсіх 40 хвілін. Аднак што калі туды прыйдзе чалавек з добрымі ведамі, але напрыклад у яго ёсць ДЦП? З-за гэтага ён можа не паспець прайсці тэст за 40 хвілін, бо яго маторыка рук не дазваляе яму хутка пстрыкаць на клавіятуры або пісаць ручкай адказы».

Акрамя прамой і непрамой дыскрымінацыі ў Закон Украіны былі ўведзеныя таксама паняцці «падбухторванне да дыскрымінацыі», «дапамаганне ў дыскрымінацыі» і «ўшчамленне».

А яшчэ ў Закон быў уведзены шырокі пералік прыкмет, па якіх забароненая дыскрымінацыя. Гэта інваліднасць, раса, колер скуры, пол, узрост, этнічнае і сацыяльнае паходжанне, грамадзянства, сямейнае і маёмаснае становішча, месца жыхарства; палітычныя, рэлігійныя і іншыя перакананні, а таксама моўныя ці іншыя прыкметы. А яшчэ ў законе пералічаны тыя, каму забаронена дыскрымінаваць (фізічныя і юрыдычныя асобы, дзярж.ворганы, органы ўлады Аўтаномнай Рэспублікі Крым).

Але ў той жа час для большага разумення ў Законе прывялі пералік сітуацый, якія не з'яўляюцца дыскрымінацыяй. А яшчэ ўведзена паняцце антыдыскрымінацыйнай экспертызы.

У той жа час ўкраінскае грамадства працягвае задумвацца над тым, што неабходна ўвесці ў Закон для больш эфектыўнай абароны ад дыскрымінацыі. Перш за ўсё, трэба пашырыць пералік прыкмет, па якіх павінна быць забароненая дыскрымінацыя: гэта сэксуальная арыентацыя, гендарная ідэнтычнасць, стан здароўя, а таксама статус ўнутрана перамешчанай асобы. З апошняй прыкметай Украіна сутыкнулася параўнальна нядаўна, паколькі раней такіх асоб не было.

Так, тыя, хто збег з месцаў ваенных дзеянняў у іншую частку Украіны, часта сутыкаюцца з праблемамі з-за адсутнасці ў іх нейкіх дакументаў, якія, згодна з нейтральнымі прававымі нормамі, трэба прадастаўляць усім грамадзянам. Але ў такіх людзей часта дакументаў папросту няма — яны іх альбо не паспелі ўзяць з сабой, альбо ўжо не маюць магчымасці зрабіць запыт у мясцовыя ворганы іх былога месца жыхарства. А значыць яны ў няроўных умовах з астатнімі грамадзянамі.

Украіна імкнецца гарманізаваць заканадаўства ў сферы прадухілення дыскрымінацыі з правам Еўрапейскага Саюза, і такі Законапраект ў жніўні 2019 года быў ужо занесены ў Вярхоўную Раду Украіны.

Адзначым, што Канвенцыю па правах людзей з інваліднасцю Украіна ратыфікавала ў 2009 годзе (гэта амаль на 10 гадоў раней, чым Беларусь) і з тых часоў імкнецца імплементаваць яе прынцыпы ў сваёй краіне.

Так, Людміла Фурсава распавяла і пра практыку ўкраінскіх судоў у пытаннях абароны ад дыскрымінацыі па прыкмеце інваліднасці. Дзяўчына на вазку не змагла трапіць у клуб, а хлопцу адмовілі ў крэдыце з-за інваліднасці ... Як былі вырашаны гэтыя кейсы ў судах? Слухайце ніжэй у размове з Людмілай Фурсавай:

Германія і зямля Гесэн: вопыт прадстаўлення інтарэсаў людзей з інваліднасцю.

Досвед Германіі прадставіў Мішэль Мюлер. Ён з'яўляецца экспертам па безбар'ерным планаванні і прадстаўніком горада Дармштадта (зямля Гесэн) па пытаннях будаўніцтва і мабільнасці людзей з інваліднасцю, што і вызначыла яго характар выступу. Акрамя таго, у Канвенцыі ААН аб правах людзей з інваліднасцю шмат гаворыцца пра неабходнасць стварэння безбар'ернага асяроддзя.

Мишель Мюллер. Фото: ПЦ
Мішэль Мюлер. Фота: ПЦ "Вясна".

Свой выступ Мішэль Мюлер пачаў з прыкладу: ў 60-я гг Германія сур'ёзна абмяркоўвала, ці трэба рабіць прыбіральні для жанчын на аўтабанах. Выснова была — не, не трэба, бо жанчыны за рулём не ездзяць. Зараз гэты факт для Нямеччыны лічыцца чымсьці даўно састарэлым, але і наводзіць на важную думку: жанчыны не ездзілі за рулём і таму, што для іх не існавала безбар'ернага асяроддзя. У тым ліку і прыбіральняў.

Таму вельмі важна планаваць горад з улікам патрэбаў людзей з інваліднасцю. Вось некалькі дасягненняў Клуба Інвалідаў і іх сяброў (СBF e. V.), членам якога з'яўляецца Мішэль:

  • Пры падачы заявы на будаўніцтва новых будынкаў забудоўшчыкі зараз павінны даказаць наяўнасць там супрацьпажарнай бяспекі для людзей з інваліднасцю (а не проста паказаць яе наяўнасць, як гэта было раней);
  • У жылых кварталах павінен быць абавязкова забяспечаны доступ да дзіцячых пляцовак для людзей з інваліднасцю;
  • Усе школы абавязкова павінны мець ліфт;
  • а Зямельнае ўпраўленне па пытаннях будучай нерухомасці павінна прыслухоўвацца да рэкамендацый ўпаўнаважаных па справах людзей з інваліднасцю.

Важна адзначыць, што пры абсталяванні будынкаў безбар'ернымі сродкамі заўсёды неабходна ўлічваць наступны момант:

"Калі у нейкім будынку зрабілі пандус для людзей з інваліднасцю, але змясцілі яго ў задняй частцы будынка — то гэта ўсё роўна з'яўляецца дыскрымінацыяй. Людзі з інваліднасцю не павінны трапляць у будынак праз асобны, задні ўваход", — распавёў Мішэль Мюлер.

Важна падкрэсліць, што праблемы дыскрымінацыі людзей з інваліднасцю ня зводзяцца толькі да наяўнасці фізічных бар'ераў, адзначыў Сяргей Драздоўскі:

«Перш за ўсё гэта праблема стаўлення да людзей з інваліднасцю. А такое стаўленне і з'яўляецца глебай для дыскрымінацыі».

Фота: ПЦ
Фота: ПЦ "Вясна".

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства