Праваабарончая праграма "Вясна" на Беларускім Радыё Рацыя
Кожны аўторак у 21:05 (паўтор у суботу ў 8:05) у эфіры незалежнай радыёстанцыі “Беларускае Радыё Рацыя” — праграма "Вясна", якая асвятляе падзеі, датычныя правоў чалавека.
Падзея: Беларускі ПЭН-цэнтр далучыўся да Тыдня супраць смяротнага пакарання і правёў імпрэзу “Нельга забіць: смяротнае пакаранне і беларуская літаратура”. Праваабаронца Алесь Бяляцкі, паэт Сяржук Сыс і літаратуразнаўца Паліна Сцепаненка правялі дыскусію, якую мадэраваў паэт і перакладчык Андрэй Хадановіч. А завяршыў імпрэзу акустычны выступ фронтмэна гурта :B:N Алеся Лютыча.
Апытанка: Амбасадары розных еўрапейскіх краін у Беларусі - Дзідзье Канес (Францыя), Клод Альтэрмат (Швейцарская канфедерацыя) ды Крысціна Юханесан (Швецыя) выказваюцца ў падтрымку адмены смяротнага пакарання ў Беларусі.
Асоба: Алесь Бяляцкі распавядзе пра тое, што ён пабачыў у мінскім СІЗА №1 на Валадарцы - а гэта менавіта тое месца, дзе ў Беларусі выконваюць смяротныя прысуды.
Каментар эксперта: Працяг размовы з праваабаронцам Алесем Яўсеенкам пра становішча беларускіх ромаў: іх адносіны з міліцыяй, праблемы з рэгістрацыяй, адукацыяй і медыцынай.