"Калі хтосьці даведаецца пра гэта, мы завязем цябе ў лес”. Полацкі блогер распавёў пра катаванні ў міліцыі Відэа
Полацкі блогер Раман Ляўкоўскі (Geibal) апублікаваў відэаролік, у якім расказвае, як яго катавалі ў полацкай міліцыі. Загадалі распрануцца да майткоў, душылі, пагражалі ўжыць дручок, “засунуць фалас” і г.д. Усё дзеля таго, каб хлопец разблакаваў тэлефон, з якога міліцыянты выдалілі некаторыя відэаролікі.
19-гадовы блогер Geibal распавёў, што сам выклікаў міліцыю пасля таго, як на ягоную просьбу яму не далі ў адной з полацкіх крамаў кнігу скаргаў і прапановаў. Паводле хлопца, прыехалі чамусьці супрацоўнікі крымінальнага вышуку, забралі яго і адвезлі ў Полацкі РАУС.
“Прывезлі ў аддзяленне міліцыі, забралі тэлефон і асабістыя рэчы і павялі на трэці паверх. Завялі ў кабінет, дзе знаходзіліся тры чалавекі. Калі я зайшоў, то зачынілі дзверы на ключ. Загадалі: “Здымай куртку!” Я зняў куртку, яны праверылі кішэні. Потым адзін з супрацоўнікаў шпурнуў яе на падлогу, а калі я запытаў, навошта гэтак рабіць, адказаў: “Я цяпер наогул вазьму і буду мыць ёю падлогу”, – расказвае Раман Ляўкоўскі.
“Потым загадалі распранацца цалкам, пасля чаго адзін з іх, самы здаровы, узяў рукой мяне за шыю, паклаў на стол і душыў секундаў 5, потым кінуў мяне на падлогу, стаў каленам на грудзі, адначасова душыў. Я зразумеў, што затыхаюся, цела абмякла, і ён мяне адпусціў… Пасля таго, як я падняўся, той жа самы дастаў з шафы дубінку і запытаў: “Ты ведаеш, як яна ходзіць па целе?” – працягвае.
“Мы можам наогул абасцаць цябе і зняць гэта на тэлефон, бо ты ўсё роўна нікому не раскажаш”. Пагражалі “адвезці да “пітухоў”, засунуць фалас…” – сцвярджае блогер.
Паводле ягоных словаў, міліцыянты запатрабавалі разблакаваць тэлефон, а потым выдалілі з тэлефону некаторыя відэазапісы.
"Калі хтосьці даведаецца пра ўсё гэта, мы завязём цябе ў лес…”, – паабяцалі супрацоўнікі РАУС. Блогер называе прозвішча аднаго з міліцыянтаў - Аляксандра Лапаціна.
Раман Ляўкоўскі паведаміў “Віцебскай Вясне”, што ніякіх пратаколаў у аддзяленьні міліцыі не складалася. Кажа, што на наступны дзень ён звярнуўся з заявамі ў пракуратуру і Следчы камітэт. Пабоі не здымаў, бо слядоў катавання на целе не засталося.
Навіны ад Spring96.org у Telegram. Падпішыся на наш канал https://t.me/viasna96