viasna on patreon

Фіктыўная палітыка: як працуюць праўладныя партыі-прывіды Фота

2019 2019-10-07T08:22:26+0300 2019-10-07T08:22:42+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/rpts_vybary.png Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

У Беларусі афіцына зарэгістраваныя 15 палітычных партыяў. Сем з іх – апазіцыйныя, астатнія падтрымліваюць Аляксандра Лукашэнку. Некаторыя з праўладных партыяў нават не імітуюць палітычную барацьбу: яны могуць дзесяцігоддзямі не ўдзельнічаць у выбарах і не з’яўляцца ў публічнай прасторы, але пры гэтым сотнямі накіроўваць сваіх прадстаўнікоў у выбарчыя камісіі. Як выглядаюць беларускія партыі-прывіды і навошта яны існуюць – у матэрыяле belsat.eu.

Восем праўладных партыяў умоўна можна падзяліць на дзве групы. У першую варта аднесці Камуністычную партыю Беларусі, Ліберальна-дэмакратычную партыю, Беларускую патрыятычную партыю і Рэспубліканскую партыю працы і справядлівасці. Усе яны маюць хаця б аднаго дэпутата ў дзейным складзе Палаты прадстаўнікоў, перыядычна адзначаюцца публічнымі заявамі, іх лідары даюць інтэрв’ю, а некаторыя нават маюць актыўныя старонкі ў сацыяльных сетках. Пра Беларускую аграрную партыю, Рэспубліканскую партыю, Беларускую сацыяльна-спартыўную партыю і Сацыял-дэмакратычную партыю Народнай Згоды гэтага сказаць нельга. Фактычна адзіны сэнс і адзіная прыкмета іх існавання – вылучэнне лаяльных уладзе людзей у выбарчыя камісіі.

Партыя памочніка Лукашэнкі

Беларуская аграрная партыя была створана ў 1992 годзе (першапачатковая назва – Аб’яднаная аграрна-дэмакратычная партыя). З 2008 года яе старшыня – Міхаіл Русы. З 2001 по 2003 і 2010 па 2012 гады ён быў міністрам сельскай гаспадаркі, з 2012 па 2019 год – віцэ-прэм’ерам, а цяпер займае пасаду памочніка Лукашэнкі па Магілёўскай вобласці.

Лукашэнка ўзнагароджвае Русага Ордэнам Пашаны, 2016 год. Фота: president.gov.by
Лукашэнка ўзнагароджвае Русага Ордэнам Пашаны, 2016 год. Фота: president.gov.by

У партыі няма ані сайту, ані старонак у сацсетках, ані кантактнага нумара тэлефона. Інфармацыю пра ідэалогію аграрыяў можна сабраць хіба што ў старых артыкулах. З аднаго з іх, напрыклад, вынікае, што Аграрная партыя выступае за рэфармаванне калгасаў і «аднаўленне ўсебаковых сувязяў з Расеяй, Украінай і краінамі СНД для іх уз’яднання ў адзіную канфедэратыўную дзяржаву».

skrynshot-1-2019.jpg
Скрыншот дакументу з сайту ЦВК. Звярніце ўвагу на адсутнасць кантактнага нумара

Юрыдычны адрас Аграрнай партыі – вуліца Фабрыцыуса, 7А. Там месціцца ААТ «Белаграздраўніца» – дзяржаўная структура, якая курыруе санаторна-курортны комплекс. Партыйны офіс – гэта проста адзін з пакояў у памяшканнях «Белаграздраўніцы». Больш за тое, калі верыць шыльдзе на дзвярах, то офіс Аграрнай партыі знаходзіцца непасрэдна ў асабістым кабінеце старшыні рэспубліканскага аграпрамышленнага саюзу «БелАПС», дзейнага чальца Савету Рэспублікі Мікалая Радамана. Ці з’яўляецца Радаман сябрам Аграрнай партыі – невядома.

agrarnaja-2019.jpg
Дзверы офісу Беларускай аграрнай партыі. Фота: Belsat.eu

Негледзячы на шыльду на дзвярах, шараговыя працаўнікі «Белаграздраўніцы» здзіўляюцца, калі журналіст belsat.eu пачынае іх распытваць пра Аграрную партыю.

«Што? Дзе? Якая партыя? – губляюцца яны. – Не, мы не чулі. Імаверна, вы гендырэктара шукаеце?»

Сакратарка генеральнага дырэктара «Белаграздраўніцы» пра суседства з Аграрнай партыяй ведае:

«Ну яны, натуральна, не кожны дзень засядаюць… Але так, ёсць такая партыя. Час ад часу з’яўляюцца тут, пошту забіраюць. Але зараз іх няма. І калі будуць – не ведаю».

agrarnaja-2019-1.jpg
Будынак, дзе знаходзіцца офіс Беларускай аграрнай партыі. Фота: Belsat.eu

Сакратарка дала нам нумар Міхаіла Шыманскага – былога старшыні, а цяпер сябра палітычнага выканкаму Аграрнай партыі. Але Шыманскі не змог распавесці, ці пойдзе партыя сёлета на выбары.

«Усе пытанні да старшыні партыі, тэлефануйце Русаму», – дадаў ён. Але дапамагчы з кантактам Русага катэгарычна адмовіўся.

Імаверна, Шыманскі проста не ведае, ці ўдзельнічае ў выбарах партыя, адным з лідараў якой ён з’яўляецца. На парламенцкіх выбарах 2008, 2012 і 2016 гадоў аграрыі не вылучалі кандыдатаў па партыйных спісах. Хутчэй за ўсё, не будуць вылучаць і сёлета: прынамсі за некалькі дзён да завяршэння этапу вылучэння кандыдатаў ніякіх звестак на гэты конт няма. Праўда, сярод кандыдатаў, якія вылучаюцца шляхам збору подпісаў, ёсць адзін аграрый.

А вось лічыць галасы прадстаўнікі Аграрнай партыі любяць. Сёлета ва ўчастковыя камісіі ўключаны 614 прадстаўнікоў Аграрнай партыі (з 617 вылучэнцаў), а ў акружныя – 14. Для параўнання, у апазіцыйнай Аб’яднанай грамадзянскай партыі гэтыя паказнікі – 4 (са 174-х) і 1. На леташніх мясцовых выбарах у аграрыяў было 633 чалавека ва ўчастковых камісіях пры 2 кандыдатах у дэпутаты, а на парламенцкіх выбарах 2016 года – 637 сябраў камісіяў і наагул ніводнага кандыдата.

Партыя спартоўцаў

Яшчэ больш любіць лічыць галасы Беларуская сацыяльна-спартыўная партыя (БССП). Сёлета ад гэтай партыі ў акружныя камісіі трапіла 15 чалавек, ва ўчастковыя – 634. Пры гэтым БССП не вылучае кандыдатаў па партыйнаму спісу і толькі адзін сябра партыі вылучаецца ў дэпутаты шляхам збору подпісаў. На мінулых парламенцкіх выбарах ва ўчастковыя камісіі трапіла 639 прадстаўнікоў спартовай партыі, пры тым, што ў кандыдаты наагул ніхто не вылучаўся.

Як і ў выпадку з аграрыямі, у спартыўнай партыі няма сайту, старонак у сацсетках і актуальных кантактных нумароў. Калі верыць дадзеным ЦВК, офіс БССП знаходзіцца на вуліцы Каліноўскага, 77А. Гэта – агароджаны будынак з ахоўнікам і шлагбаумам, дзе ў сціплых умовах працуюць некалькі фірмаў. Працаўнікі кампаніяў у адзін голас кажуць: нічога пра суседства з партыяй яны не ведаюць, назву – ніколі не чулі.

spartovaj-2019.jpg
Будынак на Каліноўскага, 77А, дзе мусіць знаходзіцца БССП. Фота: Belsat.eu

«У нас на тут трэнажорная зала ёсць… Мо вам туды, калі вы спартоўцаў шукаеце?» – кажуць журналісту belsat.eu.

Спартовы цэнтр «Клуб 73» месціцца на другім паверсе будынку. Там жа, у адным з пакояў, штаб-кватэра Беларускай Федэрацыі бодзібілдінга і фітнеса. Старшыня федэрацыі Уладзімір Александровіч адначасова з’яўляецца і старшынёй Сацыяльна-спартыўнай партыі.

aleksandrivich-2.jpg
Уладзімір Александровіч (справа). Фота: bfbb.by

Адзін з працаўнікоў БФБФ пра спартовую партыю сапраўды чуў:

«Так, у іх офіс як раз пад намі. Жанчына часам прыязджае туды, але зараз яе не будзе…»

Пакой, на які ўказалі журналісту belsat.eu, зачынены. На дзвярах ніякай шыльды няма. Наагул у будынку не знайшлося пакоя з нумарам, які пазначаны ў юрыдычным адрасе партыі.

Партыя была створана ў 1994 годзе. Яе нязменны лідар Уладзімір Александровіч быў дэпутатам Вярхоўнага савету 13-га склікання і дэпутатам Палаты прадстаўнікоў другога склікання. Намесніца старшыні партыі Алена Клюйкова ў 2015 годзе ў інтэрв’ю tribuna.com казала:

«Ужо 10 гадоў мы ў Палату прадстаўнікоў кандыдатаў не вылучаем. Асаблівай патрэбы няма. Па-першае, вялікую ўвагу спорту надае дзяржава. А па-другое, праца ў парламенце прадугледжвае адмову ад асноўнай дзейнасці. А так як на бачных ролях у партыі або дзейсныя спартоўцы, або бізнесмены, то ніхто не гатовы адысці ад справаў на чатыры гады».

bssp-2019.jpg
Будынак, дзе мусіць знаходзіцца БССП. Фота: Belsat.eu

Іншая рэч – мясцовыя выбары, бо тады дэпутацтва можна сумяшчаць з асноўнай працай. Напрыклад, па выніках 2018 года ў мясцовыя саветы трапілі 4 прадстаўніка БССП. Гэта не шмат у параўнанні з агульнай колькасцю мясцовых дэпутатаў (2962), але афіцыйна зарэгістраваныя апазіцыйныя партыі нават аднаго месца па выніках выбараў 2018 года не атрымалі.

У тым жа інтэрв’ю Клюйкова сцвярджала, што ў партыі нібыта 2,5 тысячы чальцоў і яны заўсёды падтрымлівалі Лукашэнку на выбарах. «Калі ён перамагаў, мы былі задаволеныя. У нейкім сэнсе мы ўлады дасягнулі», – адзначала яна.

Партыя, што пераехала ў Гомель

Калі ў выпадку з БССП журналісту belsat.eu у якасці офісу паказалі хаця б зачыненыя дзверы без шыльды, то ў Сацыял-дэмакратычнай партыі Народнай Згоды нават гэтага не знайшлося. Юрыдычны адрас сацыял-дэмакратаў – вуліца Карла Маркса, 10. Нумар пакоя ў афіцыйных дакументах не пазначаны. І гэта не выпадкова: ніякага офісу па гэтым адрасе няма. У будынку знаходзіцца Рэспубліканскі цэнтр алімпійскай падрыхтоўкі па шахматам і шашкам. Пра партыю Народнай Згоды там ніхто не чуў.

zgoda-2019-1.jpg Будынак, дзе мусіць знаходзіцца офіс Сацыял-дэмакратычнай партыі Народнай Згоды. Фота: Belsat.eu

«Тут няма ніякіх партыяў і не было ніколі, – кажа нам вахцёр на ўваходзе. – Тут толькі шахматысты, гэта не офісны будынак. А зараз у нас наагул рамонт…»

Натуральна, у партыі няма ані сайта, ані старонак у сацсетках. Праўда, кантактны нумар, пазначаны ў дакументах ЦВК, актуальны. Гэта мабільны старшыні партыі Сяргея Ярмака. Спачатку ён паведаміў belsat.eu, што сацыял-дэмакраты сёлета не будуць вылучаць кандыдатаў па партыйных спісах, але 7 прадстаўнікоў Народнай Згоды на Гомельшчыне вылучаюцца праз збор подпісаў. «Чаму не ад партыі? Калі яны хочуць быць дэпутатамі Палаты прадстаўнікоў, няхай пройдуць хаця б гэты фармат», – адзначыў Ярмак.

Праўда, нават афіцыйным дадзеным гэтыя звесткі не адпавядаюць: паводле ЦВК, ніводны прадстаўнік Сацыял-дэмакратычнай партыі не зарэгістраваў сваю ініцыятыўную групу. Калі belsat.eu звярнуў на гэта ўвагу, Ярмак папрасіў даць час удакладніць інфармацыю. А потым ператэлефанаваў і паведаміў: «Адзін чалавек толькі будзе вылучацца, шасцёра ўсё ж адмовіліся».

Іншая справа – удзел у выбарчых камісіях: ва ўчастковыя трапіла 336 чалавек (з 344 вылучэнцаў), а ў акружныя – 8. Акрамя таго, 11 чальцоў партыі прайшлі ў мясцовыя саветы па выніках выбараў 2018 года.

Калі belsat.eu запытаўся ў Сяргея Ярмака, дзе знаходзіцца офіс Народнай Згоды, ён назваў адрас афіцыйнай рэгістрацыі – Карла Маркса, 10. Але потым усё ж прызнаўся: адрас састарэў.

«Справа ў тым, што там ужо даўно не знаходзімся. Мы ў асноўным працуем у Гомлі. Бо ў нас з 2,5 тысяч сябраў партыі 1,5 тысячы жыве ў Гомлі», – патлумачыў Ярмак.

«Канструктыўная апазіцыя»

respublikanskaja-2019.jpg
У гэтым будынку знаходзіцца офіс Рэспубліканскай партыі. Фота: Belsat.eu

Офіс Рэспубліканскай партыі знаходзіцца вуліцы Прытыцкага, 34. Раней там быў дзіцячы садок, як перарабілі ў офісны цэнтр. Працаўнікі фірмаў пра суседства з палітычнай партыяй ведаюць.

«Рэспубліканская партыя? А яна хіба існуе? – з іроніяй перапытвае жанчына, што паліць на ганку. – Не, насамрэч мы ведаем, што ў іх тут офіс. Але нікога вы тут не знойдзеце. Яны з’яўляюцца ў лепшым выпадку раз тыдзень».

kdfsotdruwo-576x432.jpg
У офісу сапраўды нікога не аказалася. Фота: Belsat.eu

Лідарам партыі з’яўляецца Уладзіміра Белазор – кандыдат гістарычных навук, партыйны работнік у часы СССР, працаўнік сакратарыяту Вярхоўнага Савету (потым – Палаты прадстаўнікоў) у часы незалежнасці. Цяпер працуе ў Міжнародным універсітэце «МІПСА». Нядаўна, упершыню за шмат гадоў, Белазор даў інтэрв’ю. У размове з «Беларускім партызанам» ён нечакана адмаўляе праўладнасць партыі, кажа, што апошнія сумленныя выбары адбыліся ў краіне ў 1994 годзе і выказвае сумнеў у мэтазгоднасці вылучаць кандыдатаў падчас парламенцкіх кампаніяў.

«А сэнс лезці на ражон, калі ўсе выдатна ведаюць, што выніку не будзе?» – адзначыў ён.

Аднак сёлета Рэспубліканская партыя вылучыла 11 кандыдатаў у дэпутаты. А ва ўчастковыя камісіі трапілі 160 са 172 яе вылучэнцаў. То бок рэспубліканцы маюць у 7,5 разоў больш прадстаўнікоў у камісіях, чым уся апазіцыя.

Да нядаўняга часу рэспубліканцы нават на фоне астатніх партыяў-прывідаў адзначаліся пасіўнасцю. Напрыклад, на мясцовых выбарах рэспубліканцы не вылучылі ніводнага кандыдата ў дэпутаты, не мелі прадстаўнікоў у тэрытарыяльныя выбарчыя камісіі і толькі 152 – ва ўчастковых. У парламенцкіх выбарах 2012 і 2016 гадоў рэспубліканцы не ўдзельнічалі, а ў 2008-ым ад партыі быў вылучаны адзін чалавек. Ва ўчастковыя камісіі на мінулых парламенцкіх выбарах трапілі толькі 265 іхных прадстаўнікоў.

Але некалькі месяцаў таму партыя знянацку актывізавалася. Адбыўся сапраўдны інфармацыйны прарыў: у рэспубліканцаў з’явіўся канал у «Тэлеграме», актыўныя старонкі ў «Вконтакте» і «Facebook». Яе прадстаўнікі сталі свабодна выходзіць на кантакт са СМІ і відавочна маюць намер пазбавіцца рэпутацыі партыі-прывіда.

belazor-2.jpg
Сайт рэспубліканцаў не абнаўляўся 17 гадоў. Але цяпер яны абяцаюць зрабіць новы

Сябра Цэнтральнага праўлення Рэспубліканскай партыі Андрэй Бажко ў інтэрвʼю belsat.eu распавёў, што актывізацыя адбылася ў сувязі з тым, што ў партыю «прыйшла моладзь, якая хоча працаваць».

Чаму раптам моладзь зацікавілася Рэспубліканскай партыяў, Бажко тлумачыць наступным чынам:

«Людзі расчараваліся ў старой апазіцыі, неканструктыўнай, якая не можа канкрэтна працаваць. А Рэспубліканская партыя дае перспектыву. Мы лічым сябе адзінай апазіцыйнай сілай, якая здольная пры любых абставінах працаваць на карысць краіны і нацыяльных інтарэсаў».

Бажко катэгарычна не згодны з тым, што рэспубліканцы – праўладная партыя. Але калі belsat.eu запытвае, якая пазіцыя ў партыі адносна Аляксандра Лукашэнкі, Бажко ўхіляецца ад адказу:

«Ну, як сказаць… Ён дзейны прэзідэнт па факту. Нам, у прынцыпе, на дадзены момант не важна, хто знаходзіцца ва ўладзе. Мы гатовыя канструктыўна супрацоўнічаць».

Бажко сцвярджае, што праца ў партыі заўсёды вялася, але «прысутнічалі праблемы ўзаемадзеяння са СМІ».

«Не заўсёды трэба крычаць пра працу, якую ты робіш», – дадае суразмоўца belsat.eu.

***

Агулам сёлета ва ўчастковыя камісіі трапіла 3755 прадстаўнікоў праўладных партыяў (у тым ліку 1744 з чатырох партыяў, пра якіх распавядалася ў гэтым артыкуле). Ад апазіцыі пры гэтым дапусцілі толькі 21 чалавека. Як адзначаюць аналітыкі кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары», гэта антырэкорд па колькасці апазіцыі ў выбарчых камісіях за ўсе папярэднія выбарчыя кампаніі.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства