viasna on patreon

Блогеру Пятрухіну заменяць штраф на грамадскія працы?

2019 2019-10-04T11:04:19+0300 2019-10-06T16:09:53+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/piatruhin-2019-04-15-2.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Брэсцкі блогер Сяргей Пятрухін, якога суд абавязаў выплаціць штраф каля 9 тысяч долараў, атрымаў папярэджанне з аддзела прымусовага выканання Ленінскага раёна Брэст, паведамляе palitviazni.info. Яму прапанавалі да 30 верасня прадаставіць звесткі аб аплаце штрафа ў поўным аб’ёме. У адваротным выпадку — прыцягнуць да крымінальнай адказнасці за ўхіленне ад сплаты штрафа альбо заменяць штраф грамадскімі працамі.

Сяргей Пятрухін у судзе. Фота: ПЦ

 “Каля тысячы рублёў штрафа я ўжо заплаціў, – кажа Сяргей Пятрухін. – Але зараз атрымаў ліст з аддзела прымусовага выканання Ленінскага раёна Брэста. У ім сказана, што па стане на 17 верасня 2019 года ў мяне застаецца запазычанасць па штрафе ў суме 6974,78 рублёў. Калі не заплачу штраф у поўным аб’ёме да 30 верасня, то пагражаюць прыцягнуць да крымінальнай адказнасці альбо замяніць штраф грамадскімі працамі”.

Па словах Пятрухіна, калі яму заменяць штраф на грамадскія работы, то такі варыянт яго цалкам задаволіць.

“Я не разумею, як суды могуць выносіць такія непамерныя штрафы людзям, – дадае блогер. – Якімі інструкцыямі кіруюцца, прызначаючы такія сумы? Людзі, якія гадамі сядзяць у турмах па несправядлівых прысудах, менш затым атрымліваюць маральнай кампенсацыі ад дзяржавы, чым далі штраф мне.

Што датычыцца крымінальнай адказнасці, то, наколькі вядома, яна прадугледжана, калі чалавек ўхіляецца ад сплаты штрафы. А я плачу, колькі магу, нідзе не хаваюся.

Таму, калі вырашаць накіраваць мяне на грамадскія працы, я буду гэтаму толькі рады. І штраф адменяць, і будзе матэрыял для чарговага відэаблога…”

Нагадаем, што 18 красавіка суд Ленінскага раёна г.Брэста вынес прысуд па крымінальнай справе супраць блогера Сяргея Пятрухіна. Яго прызналі вінаватым па ч.2 арт.188 (“Паклёп”) і ч.2 арт.189 (“Абраза”) Крымінальнага кодэкса Беларусі. Брэсцкі абласны суд пакінуў у сіле рашэнне раённага суда.

Блогера пакаралі штрафам у памеры 360 базавых велічынь (9180 рублёў, ці 4381 долар). Пятрухіна абавязалі таксама выплаціць маральную шкоду пацярпелым супрацоўнікам Ленінскага РУУС г.Брэста 8500 рублёў, ці 4250 долараў. Усяго Пятрухін абавязаны выплаціць каля 9 тысяч долараў.


Навіны ад Spring96.org у Telegram. Падпішыся на наш канал https://t.me/viasna96

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства