Праваабарончая праграма "Вясна" на Беларускім Радыё Рацыя
Кожны аўторак у 21:05 (паўтор у суботу ў 8:05) у эфіры незалежнай радыёстанцыі “Беларускае Радыё Рацыя” — праграма "Вясна", якая асвятляе падзеі, датычныя правоў чалавека.
Каментар эксперта: Па афіцыйных дадзеных перапісу насельніцтва 2009 года ў Беларусі пражывае каля сямі тысяч ромаў. Прыкладна палова з іх жыве ў Гомельскай вобласці. Праваабаронцы кажуць, што ромы — гэта уразлівая група, якая ў Беларусі часцей за ўсё падвяргаецца дыскрымінацыі. Трапіць у ромскую супольнасць амаль немагчыма, бо яе прадстаўнікі баяцца мець кантакты з іншымі. Але праваабаронца з Гомеля Алесь Яўсеенка ужо каля шасці гадоў удзельнічае ў кампаніі ў абарону этнічных цыганоў — і таму ведае праблемы ромаў знутры.
Падзея: У Вільні прайшоў Восьмы Міжнародны кангрэс даслечыкаў Беларусі, падчас якога між іншым працавала панэль “Даследаванне грамадзянскай супольнасці Беларусі — актуальны стан”. Там прыняла ўдзел і праваабаронца ПЦ “Вясна” Наталля Сацункевіч з дакладам “Свабода мірных сходаў у Беларусі як уплывовы фактар дзейнасці арганізацый грамадзянскай супольнасці”. Яна патлумачыць, чаму прыцісненне мірных сходаў указвае на рэпрэсіўны стыль дзяржавы, а таксама распавядзе, якія пытанні агучвалі іншыя ўдзельнікі гэтай панэлі.
Каментар: У Магілёве жыве каля 350 тысячаў чалавек, а дазволенае месца для правядзення масавых мерапрыемстваў усяго адно. Разабрацца з тым, наколькі магчыма зладзіць мірны сход у гэтым абласным горадзе, дапаможа магілёўскі праваабаронца Аляксей Колчын.
У музычных паўзах — кампазіцыі ў выкананні Luty Sakavik.