Алесь Бяляцкі: «Хочаш мець правы — бяры іх»
Пасля прэзентацыі сваёй кнігі «Халоднае крыло Радзімы» у Слоніме старшыня Праваабарончага цэнтру “Вясна” Алесь Бяляцкі даў інтэрв`ю «Газеце Слонімскай».
— Алесь, скажыце, чаму выбралі Слонім для прэзентацыі сваёй кнігі?
— Час настаў. Апошні раз я быў у Слоніме недзе ў сярэдзіне 80-х гадоў мінулага стагоддзя. У касцёле святога Андрэя тады быў нейкі склад. Я прыйшоў туды, трымаючы ў руках кніжку Валянціны Караткевіч (жонкі Уладзіміра Караткевіча) пра Слонім. Я хадзіў тады па горадзе і шукаў, што тут засталося з тых часоў, калі Слонім быў значным культурным цэнтрам Вялікага княства Літоўскага. Потым так склаўся лёс, што з тых часоў я не быў у Слоніме. Быў у Жыровічах, але не быў у Слоніме. І вось так атрымалася, што пасля адкрыцця помніка Льву Сапегу ў Слоніме, пасля свята Дня беларускага пісьменства, я прыехаў сюды, і адбылася такая цёплая і, здаецца, карысная сустрэча.
— Калі абстрагавацца ад Слоніма, што сёння самае галоўнае ў нашым сучасным беларускім жыцці?
— Самае галоўнае — нейкая стабільнасць, трываласць і нармальны ўзровень жыцця. Яшчэ вельмі важна — мець адчуванне бяспекі, што, на жаль, сёння наша дзяржава не дае, не можа забяспечыць. У нас таксама няма нармальнага суда, куды чалавек можа звярнуцца і дабіцца справядлівасці. Таму гэтым вымушаны займацца мы, праваабаронцы. Вельмі важна для кожнага чалавека мець стабільнасць у сваёй дзяржаве. Бо калі ўзгадаць Данбас і падзеі ў Крыме ў нашых суседзяў, то там сотні тысяч людзей штарміць, яны вымушаны зрывацца з месца, кідаць свой край, свае дамы і ўцякаць ад вайны. Вялізныя трагедыі творацца.
І ў той жа час людзі, якія маюць сваю дзяржаву, сваю Канстытуцыю і законы, якія іх надзейна абараняюць, стаяць на сваёй зямлі абедзвюма нагамі.
— У краіне цяпер ідзе выбарчая кампанія па выбарах дэпутатаў у Палату прадстаўнікоў. Па нашай Слонімскай акрузе балатуецца вядомы на Слонімшчыне і за яе межамі грамадскі актывіст Віктар Марчык. Праваабаронцы, у тым ліку і ваш праваабарончы цэнтр «Вясна», заўсёды назіраюць за выбарамі. Скажыце, ці стрымлівае нейкім чынам прысутнасць назіральнікаў на выбарчых участках камісіі ад фальсіфікацыі пры падліку галасоў?
— Не, ніяк не стрымлівае. Нашы назіральнікі не маюць магчымасці сачыць за падлікам галасоў. Беларускім назіральнікам бюлетэні наогул не паказваюць, замежным назіральнікам паказваюць праз адзін, але асноўны ўкід бюлетэняў за праўладнага кандыдата робіцца пры датэрміновым галасаванні, дзе паспяваюць прагаласаваць да 40% выбаршчыкаў. Што да складу камісій, то з іх павычышчалі фактычна ўсіх, хто не падпарадкоўваецца ўладам. Толькі 2% прадстаўнікоў ад палітычных партый увайшлі ў склад участковых камісій на сёлетніх выбарах. Што яны могуць зрабіць?.. Ні назіральнікі, ні апаненты ўлады не кантралююць падлік галасоў.
— У такіх варунках якія правы чалавеку рэальна абараніць у сучаснай Беларусі?
— Я думаю, што чалавеку рэальна абараніць усе свае правы, і гэта залежыць ад актыўнасці абаронцаў гэтых правоў. Пры пасіўным стаўленні чалавека ці грамады да абароны правоў чалавеку садзяцца на галаву і едуць. Толькі актыўнасць грамадзянскай супольнасці здольная абараніць правы чалавека. З апошніх прыкладаў у Беларусі — гэта Берасце. Там грамадская актыўнасць неабыякавых людзей за год паспрыяла таму, што хаця б было пастаўлена пытанне пра экалагічную бяспеку ў горадзе перад уладамі і будаўніцтва акумулятарнага завода прыпынілі. Але гэта патрабуе пэўных намаганняў і нават ахвяраў ад грамадскай супольнасці. Берасцейскім актывістам, якія выходзілі на акцыі пратэсту, гэта каштавала дзясяткаў адміністрацыйных спраў, а для блогера Пятрухіна — крымінальнай справы. Але ў гэтым жыцці нічога проста так не даецца. Хочаш мець правы — бяры іх. Канстытуцыя ў нас нармальная, там прапісаны ўсе асноўныя правы. Іншая справа, што нахабная цынічная ўлада піша пад сябе законы і разглядае народ як аб`ект, які можна эксплуатаваць і з якога можна жывіцца. Таму свае правы патрэбна адстойваць.
— І апошняе пытанне. Пра што сёння найбольш думае праваабаронца Алесь Бяляцкі і пісьменнік Бяляцкі?
— Праваабаронай я займаюся ўжо 30 гадоў, пачынаючы з 1989 года, з «Мартыралога Беларусі», і пачуцця задавальнення ў мяне няма, бо асноўнай мэты — прававой дэмакратычнай дзяржавы — мы не дасягнулі. Тут наша асноўная задача не выканана і нам патрэбна працаваць далей. Што тычыцца мяне як пісьменніка, то пісьменства не мая галоўная задача ў жыцці. Маё жыццё складалася так, што ўвесь час прыходзілася займацца нечым больш важным. Галоўнае цяпер для мяне і для ўсіх нас (і для пісьменніка, і для кіроўцы, і для інжынера, і для рабочага) — гэта захаванне суверэнітэту краіны і стварэнне прававой дэмакратычнай дзяржавы. Над гэтым я працаваў і працягваю працаваць як праваабаронца і як пісьменнік.
Навіны ад Spring96.org у Telegram. Падпішыся на наш канал https://t.me/viasna96