Праваабарончая праграма "Вясна" на Беларускім Радыё Рацыя
Кожны аўторак у 21:05 (паўтор у суботу ў 8:05) у эфіры незалежнай радыёстанцыі “Беларускае Радыё Рацыя” — праграма "Вясна", якая асвятляе падзеі, датычныя правоў чалавека.
Час выбараў: Фарміраванне тэрытарыяльных выбарчых камісій завяршылася тым, што толькі 2,5% ад усіх сябраў камісій склалі прадстаўнікі апазіцыйных партый і аб’яднанняў. Асбкарджваць адмову па уключэнні ў выбарчыя камісіі можна цягам чатырох дзён, і таму з 5 па 9 верасня прайшоў шэраг судоў. У выніку — ніводная скарга не была задаволена.
Апытанка: Пратэсты супраць акумулятарнага заводу ў Берасці трываюць са студзеня мінулага году. Праціўнікі завода АКБ адказваюць, чаму яны працягваюць хадзіць на акцыі і ці не надакучыла ім удзельнічаць ў "кармленні галубоў" такі доўгі час.
Падзея: У Мінску абмеркавалі змены ў закон “Аб адтэрміноўках” у кантэксце правоў чалавека. Праваабаронца Зміцер Салаўёў распавядае, як прайшла адмысловая канферэнцыя на гэтую тэму, а валанцёр праваабарончага цэнтра Вясна Юры Мяцельскі дзеліцца досведам, як прайшлі яго паўтара года ў арміі і ці сапраўды падчас нясення службы ёсць магчымасць працягваць адукацыю.
Каментар эксперта: Беларусь прыняла Канвенцыю аб правах людзей з інваліднасцю ў 2016 годзе. З гэтага моманту дзяржава мае абавязак імплементаваць прынцыпы і стандарты Канвенцыі ў сваёй краіне. А потым — справаздачыцца міжнароднай супольнасці, што атрымался зрабіць, а што — не. Найчасцей дзяржаўная справаздача — гэта толькі аднабаковы погляд, і таму грамадзянскія арганізацыі робяць і свой альтэрнатыўны даклад. Сярод іх — і Офіс па правах людзей з інваліднасцю. Яго дырэктар Сяргей Драздоўскі распавядзе, чаму патрэбныя альтэрнатыўныя даклады і якія пытанні ў дачыненні да інваліднасці там ўздымаюцца.
У музычных паўзах — кампазіцыі ў выкананні Shuma.