viasna on patreon

Свабодны прафсаюз аштрафавалі на 255 рублёў

2019 2019-09-02T15:38:35+0300 2019-09-02T15:54:53+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/sharah-mikola-sud.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Мікола Шарах у судовай зале.

Мікола Шарах у судовай зале.

Эканамічны суд Віцебскай вобласці 28 жніўня пастанавіў аштрафаваць Свабодны прафсаюз Беларускі (СПБ) на 10 базавых велічыняў за невыкананне рашэння гэтага ж суду аб вызваленні памяшкання прафсаюзнага офісу на прадпрыемстве “Полацак-Шкловалакно”. Пра гэта паведмаляе "Віцебская Вясна".

Дамова аб арэндзе памяшкання, якое належыць ААТ “Полацак-Шкловалакно”, скончылася ў лістападзе 2018 году. Аднак у памяшканні засталася маёмасць, якая належыць першаснай арганізацыі СПБ працоўных заводу. І доступу да яго сябры пяршоўкі не мелі.

Эканамічны суд Віцебскай вобласці яшчэ ў лютым 2019 году прыняў рашэнне абавязаць СПБ вызваліць памяшканне. У красавіку Полацкі аддзел прымусовага выканання (АПВ) зафіксаваў выкананне рашэння суду. Але прадпрыемства “Полацак-Шкловалакно” абскардзіла выкананне судовага загаду, бо ў памяшканні заставалася маёмасць, якая не належыць СПБ, а з’яўляецца ўласнасцю іншай юрыдычнай асобы – пяршоўкі Свабоднага прафсаюзу.

Полацкі аддзел прымусовага выканання адмяніў сваё колішняе рашэнне і зноўку абавязаў прафсаюз вызваліць памяшканне. 12 жніўня быў складзены пратакол аб адміністрацыйным правапарушэнні (“невыкананне рашэння суду”), за якое прадугледжваецца пакаранне ў выглядзе штрафу памерам да 500 базавых велічыняў (для юрыдычных асобаў).

На паседжанні эканамічнага суду 28 жніўня высветлілася, што СПБ не быў праінфармаваны аб працэдуры перагляду выкананага рашэння суду, таму што дакументы адпраўляліся судовымі выканаўцамі на няправільны юрыдычны адрас СПБ. Аказалася, няправільны адрас СПБ зафіксаваны і ў рэестры Мінюсту.

Тым не менш, эканамічны суд Віцебскай вобласці (суддзя Анатоль Гурэеў) пастанавіў аштрафаваць Свабодны прафсаюз на 10 базавых велічыняў.

“Эканамічны суд лічыць, што, таму як юрыдычнай асобай было ўчыненае адміністрацыйнае правапарушэнне, з улікам яго здзяйснення ўпершыню і адсутнасці абцяжваючых акалічнасцяў, на юрыдычную асобу “Свабодны прафсаюз Беларускі” неабходна накласці адміністрацыйны штраф у памеры 10 базавых велічыняў, што складае 255 рублёў”, – гаворыцца ў пастанове суду.

СПБ абскардзіць рашэнне эканамічнага суду

“У апошнія гады дзяржорганы чыняць розныя дзеянні, накіраваныя на разбурэнне “Свабоднага прафсаюзу”: пазбавілі офісу пяршоўку СПБ у Полацку, заводзяць крымінальныя справы і штрафуюць прафсаюзных актывістаў, пішуць ад імя невядомых аўтараў паклёпніцкія пасты ў сацыяльных сетках і г.д. Аднак прафсаюз працягвае дзейнічаць – і дзяржорганы ўжо не ведаюць, што б такое зрабіць яшчэ, каб закрыць СПБ”, – кажа старшыня Свабоднага прафсаюзу Беларускага Мікола Шарах.

Прафсаюзныя актывісты першаснай арганізацыі СПБ на прадпрыемстве “Полацак-Шкловалакно” мяркуюць, што рашэнне эканамічнага суду неправамернае ад самага пачатку. Эканамічны суд не мог разглядаць спрэчку паміж прафсаюзам і наймальнікам “Полацак-Шкловалакно” аб арэндзе памяшканьня пад офіс прафсаюзу, бо гэта не мае дачынення да гаспадарча-эканамічнай дзейнасці. Дадзеныя юрыдычныя адносіны надведамасныя працоўнаму арбітражу, але інстытут працоўнага арбітражу ў Беларусі практычна разбураны зменамі, якія былі ўнесеныя ў Працоўны кодэкс.

Рашэнне эканамічнага суду аб штрафе будзе абскарджаны ў Вярхоўным судзе.


 Навіны ад Spring96.org у Telegram. Падпішыся на наш канал https://t.me/viasna96

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства