viasna on patreon

Актывісты паскардзіліся ў суд на адмову ў рэгістрацыі "ЭкаБрэста"

2019 2019-09-02T13:31:18+0300 2019-09-02T15:55:33+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/000brest_1_2_0_1_0_7.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Фота: TUT.BY

Фота: TUT.BY

Як паведамляе mediabrest.by, праціўнікі акумулятарнага завода падалі скаргу ў суд на адмову ў рэгістрацыі Брэсцкага абласнога экалагічнага праваабарончага грамадскага аб'яднання "ЭкаБрэст". На думку актывістаў, ім неабгрунтавана адмовілі ў рэгістрацыі.

Дакументы на рэгістрацыю былі пададзеныя ў Галоўнае ўпраўленне юстыцыі аблвыканкама 26 чэрвеня. Актывісты атрымалі адказ з адмовай у рэгістрацыі і аргументацыяй такога рашэння на 7 старонках.

"26 жніўня мы падалі ў абласны суд скаргу на адмову ў рэгістрацыі грамадскага аб'яднання «ЭкаБрэст». Паколькі лічым, што нам адмовілі неабгрунтавана, прад'яўляюць завышаныя патрабаванні. Уся аргумэнтацыя адмовы пабудавана на тым, што мы не пазначылі нейкі закон у нейкім пункце, ці іншы закон у іншым пункце. Па сутнасці падобныя парушэнні нібы стылістычныя або граматычныя памылкі. Суд абавязаны разгледзець скаргу на працягу месяца. Магчыма, усё адбудзецца і раней", — кажа адзін з прадстаўнікоў ініцыятыўнай групы, юрыст, праваабаронца Раман Кісляк.

Рашэнне аб рэгістрацыі экалагічнага аб'яднання прадстаўнікі ініцыятыўнай групы прынялі яшчэ ўвесну:

"Гісторыя з акумулятарным заводам ужо так доўга ідзе, што мы вырашылі: патрэбная прафесійная структура, каб прадстаўляцца ад грамадскасці. Пакуль нас не заўсёды службовыя асобы і розныя структуры ўспрымаюць як прадстаўнікоў грамадскасці. На дадзены момант ініцыятыўная група — гэта юрыдычна грамадзяне, не афіцыйная структура . Гэта адна з прычын па якой мы вырашылі зарэгістраваць грамадскае аб'яднанне і такім заканадаўчым метадам працягваць спрабаваць урэгуляваць пытанне з акумулятарным заводам, ды і не толькі з ім. Нават калі АКБ зачыніцца, арганізацыя «ЭкаБрэст», калі ўдасца яе зарэгістраваць, не перастане існаваць".

Пытанне з рэгістрацыяй грамадскага аб'яднання яшчэ адкрытае. Адзначым, што ў дакуменце з адмовай ад галоўнага абласнога ўпраўлення юстыцыі аблвыканкама паведамляецца, што адмова ў рэгістрацыі грамадскага аб'яднання не з'яўляецца перашкодай для паўторнай падачы дакументаў, неабходных для дзяржаўнай рэгістрацыі, пры ўмове ліквідацыі парушэнняў, што паслужылі падставай адмовы.

Між тым завод АКБ, супраць якога выступаюць мясцовыя жыхары, ужо ў трэці раз не змог прайсці экалагічную экспертызу.


 Навіны ад Spring96.org у Telegram. Падпішыся на наш канал https://t.me/viasna96

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства