Віцебскаму суддзю “зверху” прапанавалі падтрымліваць у судзе атмасферу добразычлівасці
Віцебскі праваабаронца Павал Левінаў звярнуўся ў Вярхоўны суд з просьбай даць прававую ацэнку бяздзейнасьці суддзі Сяргея Будрэвіча, які праігнараваў факт наўмыснай знявагі міліцыянтам гонару і годнасці грамадзяніна падчас судовага паседжання, піша "Віцебская Вясна". Адказ прыйшоў з аблсуду: Будрэвічу будзе прапанавана “падтрымліваць у судзе атмасферу добразычлівасці”.
Эпізод тычыўся адміністрацыйнай справы, распачатай супраць віцебскага таксіста Алега Стральца, якога вінавацілі ў абразе ўчастковага міліцыянта Мечыслаўскага (арт 23.5 КаАП). Віцяблянін нібыта назваў па тэлефоне ўчастковага “петушарай”, а потым сам прыехаў у апорны пункт паглядзець, з кім жа размаўляў (і быў неадкладна прыкаваны кайданкамі да батарэі). Суддзя Будрэвіч аштрафаваў тады Стральца на 24 базавыя велічыні, хоць ніякіх доказаў абразы (запісу тэлефоннай размовы) ня меў.
Даючы тлумачэнні ў судзе, маёр міліцыі Мечыслаўскі казаў, што да гэтага ў ягонай практыцы былі два аналягічныя выпадкі, “але людзі праяўлялі больш разважлівасці і не з'яўляліся самі ў міліцыю”.
“Трэба быць прыдуркаватым (“полоумным” – на мове арыгіналу - ВВ). Грамадзянін Стралец, у адрозненне ад разумных людзей, з'явіўся ў міліцыі”, – цытуе Левінаў выказванне міліцыянта ў судзе.
“Суддзя суду Кастрычніцкага раёну г. Віцебску Сяргей Будрэвіч праігнараваў факт таго, як маёр міліцыі Мечыслаўскі публічна і наўмысна ў непрыстойнай форме зняважыў гонар і годнасць грамадзяніна Стральца”, – тлумачыць праваабаронца і просіць даць прававую ацэнку бяздзейнасці суддзі ў гэтай сітуацыі.
Адказ на свой зварот Левінаў атрымаў ад старшыні Віцебскага абласнога суду Мікалая Хамічонка. Той паведамляе, што была праведзеная службовая праверка, але “дадзеных аб выкарыстанні пацярпелым інспэктарам Мечыслаўскім фразаў і выразаў, якія б зневажалі гонар і годнасць Стральца, не ўстаноўлена”.
Абласны суд паведаміў праваабаронцу, што падставаў для прыняцця мераў рэагавання да суддзі Будрэвіча не маецца.
Між тым, суддзі прапанавана сваімі дзеяннямі ў судовым паседжанні падтрымліваць атмасфэру добразычлівасці, настройваць удзельнікаў працэсу на паважлівы тон пры выкладанні тлумачэнняў альбо паказанняў”, – гаворыцца ў адказе з абласнога суду.
Навіны ад Spring96.org у Telegram. Падпішыся на наш канал https://t.me/viasna96