Суд пасля перагляду справы зноў аштрафаваў мужчыну за пост у сацсетках
Суд Цэнтральнага раёна г. Гомеля ў парадку перагляду справы зноў аштрафаваў жыхара абласнога цэнтра Аляксандра Іванова за распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў (артыкул 17.11 КаАП).У гэты раз суддзя Сяргей Кармановіч прысудзіў яму штраф у памеры 5 базавых велічыняў (127, 50 руб.), паменшыўшы яго ўдвая. Раней, 24 красавіка па дадзенай экстрэмісцкай справе суддзя гэтага ж суда Віктар Казачок аштрафаваў мужчыну на 10 базавых велічыняў (255 руб.). Пра гэта паведамляе "Гомельская Вясна".
З дапамогай гомельскага прадстаўніцтва ПЦ "Вясна" першы штраф атрымалася адмяніць у абласным судзе, справа была накіравана на новы разгляд у той жа суд, іншаму суддзі.
Як вынікае з пастановы аб адміністрацыйным правапарушэнні, яшчэ ў 2017 годзе 57-мі гадовы мужчына на сваёй старонцы ў сацыяльнай сетцы «Фэйсбук» размясціў інфармацыйны матэрыял пад назвай "Зло кланіравалася, Каб сябраваць сам насам", які змяшчае герб нацысцкай Германіі.
Інфармацыю супрацоўнікі міліцыі выявілі ў лютым гэтага году, падчас правядзення маніторынгу сеткі Інтэрнэт. Аляксандр Іваноў вінаватым сябе не лічыць, заяўляе, што ён зла нікому не хацеў ды і не рабіў.
Праваабаронца Леанід Судаленка, які ажыццяўляе маніторынг справаў, звязаных з абвінавачваннямі ў распаўсюдзе экстрэмісцкай інфармацыі, заяўляе, што нацысцкая сімволіка часоў трэцяга рэйха сапраўды забароненая, і не толькі ў нашай краіне.
«Указанне суда аб размяшчэнні Аляксандрам Івановым інфармацыі з'яўляецца спасылкай на скончаны характар яго дзеянняў, такім чынам, суду неабходна было ўстанавіць і дату заканчэння правапарушэння. Мы паўторна абскардзім пастанову суда ў вышэйстаячы суд, так як скончыліся тэрміны для прыцягнення да адказнасці», – пракаментаваў судовае рашэнне Судаленка.
Гэта не першая справа ў Гомельскім рэгіёне па абвінавачванні карыстальнікаў сацсетак у распаўсюдзе экстрэмізму па арт. 17.11 КаАП.
24 красавіка суд Цэнтральнага раёна Гомеля адправіў на дапрацоўку адміністрацыйную справу ў дачыненні да жыхара абласнога цэнтра Пятра Маркоўскага, пасля чаго спыніў справу ў сувязі са сканчэннем тэрмінаў. 17 красавіка абласны суд у Гомелі адмяніў пастанову пра штраф Ігару Чубу і справа накіраваў на новы разгляд у суд першай інстанцыі, які таксама спыніў справу па тэрмінах. 6 красавіка Рагачоўскі АУС спыніў па тэрмінах пачатую адміністрацыйную справу за распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў у дачыненні да жыхара райцэнтра Сяргея Аляксейкава.
Згодна з ч.2 артыкула 17.11 КаАП распаўсюджванне інфармацыйнай прадукцыі, уключанай у рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў цягне штраф ад 10 да 50 базавых велічыняў або нават адміністрацыйны арышт да 15 сутак.
Навіны ад Spring96.org у Telegram. Падпішыся на наш канал https://t.me/viasna96