Актывісту забаранілі правядзенне інфармацыйнага пікета ў Бярозаўцы Дакумент
Грамадскі актывіст Вітольд Ашурак, які нядаўна праводзіў пікет у Лідзе супраць забруджвання Дзітвы, зноў хацеў правесці інфармацыйную акцыю ў горадзе Бярозаўка, што на Лідчыне. У гэты раз — па пытанні ўсталявання помніка ў горадзе аднаму з заснавальнікаў Бярозаўскай гуты Юліусу Столле.
Але Бярозаўскі гарвыканкам адмовіў яму ў правядзенні пікета. Як паведамляе “Гарадзенская Вясна”, актывісту адмаўляюць ужо трэці раз запар. Чыноўнікі з Лідскага раёна абгрунтавалі сваё рашэнне тым, што Вітольд Ашурак зусім нядаўна быў прыцягнуты да адміністрацыйнай адказнасці за ўдзел у несанкцыянаваным інфармацыйным пікеце паводле арт. 23.34 КаАП (Парушэнне парадку арганізацыі або правядзення масавых мерапрыемстваў).
Нагадаем, 17 чэрвеня Вітольд Ашурак разам з Сяргеем Пантусам выйшлі на прыступкі Лідскага райвыканкаму, каб папярэдзіць насельніцтва пра небяспечнае забруджванне ракі Дзітва нечыстотамі, злітымі мясцовымі камунальнымі службамі. За гэта старшыня Лідскага суда Вячаслаў Мацук яго аштрафаваў на 10 базавых велічыняў. Актывіст абскарджвае рашэнне суда. Дата разгляду касацыйнай скаргі яшчэ не прызначаная.
Навіны ад Spring96.org у Telegram. Падпішыся на наш канал https://t.me/viasna96