viasna on patreon

Актывіст паскардзіўся ў ААН на слуцкія ўлады. У другі раз

2019 2019-06-27T13:00:29+0300 2019-06-27T13:48:27+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/amelkovich_slucak.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Мінскі абласны каардынатар Руху "За Свабоду" Віталь Амяльковіч звярнуўся з паведамленнем у Камітэт па правах чалавека ААН (КПЧ ААН) аб парушэнні Беларуссю яго права на свабоду выказвання меркаванняў і свабоду мірных сходаў, прадугледжаных артыкуламі 19 і 21 Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах.

Віталь Амяльковіч. Фота: Facebook Руху
Віталь Амяльковіч. Фота: Facebook Руху "За свабоду"

Гэта ўжо другі раз, калі актывіст горада Слуцка звяртаецца ў ААН па абарону парушаных правоў на свабоду слова і на свабоду сходаў з боку мясцовых уладаў. 29 сакавіка гэтага года КПЧ ААН прызнаў парушэннем правоў чалавека дзеянні ўладаў Слуцка ў 2011 годзе ў дачыненні да Віталя Амяльковіча, паведамляе kurjer.info. Тады Слуцкі райвыканкам забараніў акцыю актывіста ў падтрымку палітвязняў Беларусі, заявіўшы, што "палітычных вязняў у Беларусі няма". Па гэтай справе Камітэт пастанавіў, што ўлады Беларусі павінны прыняць меры па аднаўленні парушанага права ў дачыненні да Амяльковіча, у тым ліку выплаціць яму адэкватную кампенсацыю. Дзяржава таксама павінна прыняць меры па прадухіленні падобных парушэнняў у будучыні.

Новую скаргу Віталь Амяльковіч падаў з дапамогай юрыста "Вясны" Аляксея Лойка. Гэтая гісторыя — з "гарачай вясны-2017". Напярэдадні Дня Волі вечарам 22 сакавіка Віталь размясціў у «Укантакце» пост: "Усё будзе добра! 25-га сакавіка ўбачымся на Акадэміі навук у 14:00. Трымайцеся правага боку. Ну, і вядома ж мяне :)". А ўвечары 24 сакавіка супрацоўнікі Слуцкага аддзела ўнутраных справаў затрымалі актывіста за гэты пост, расцаніўшы яго як заклік на несанкцыянаванае масавае мерапрыемства.

У чаканні суда актывіста на двое сутак змясцілі ў ізалятар часовага ўтрымання ў Слуцку.

"З-за затрымання і знаходжання ў ізалятары часовага ўтрымання я не змог трапіць на мірную акцыю, прымеркаваную Дню Волі, не рэалізаваўшы сваё канстытуцыйнае права на свабоднае выказванне меркавання і права на мірныя сходы», — звяртаецца ў Камітэт Віталь Амяльковіч.

Суд над актывістам адбыўся толькі 29 сакавіка. Слуцкі суддзя прызнаў яго вінаватым па ч.1 арт. 23.34 КаАП і аштрафаваў на 15 базавых велічыняў (345 рублёў або 145 еўра), па практыцы, ніяк не ацаніўшы затрыманне на двое сутак у ІЧУ.

"З 1999 года я з'яўляюся грамадскім і палітычным актывістам, сістэматычна ўдзельнічаю ў мірных сходах, якія праводзяцца арганізацыямі грамадзянскай супольнасці і палітычнымі партыямі Беларусі. У ходзе сваёй дзейнасці я неаднаразова падвяргаўся з боку органаў улады і сілавых структур Беларусі пераследам за публічнае выказванне сваіх перакананняў, што ў далейшым толькі пацвярджалася ў выразна сфармаванай абвінаваўчай накіраванасці прыняцця судовых рашэнняў у дачыненні да мяне і маіх аднадумцаў", — распавядае Віталь Амяльковіч.

Актывіст просіць Камітэт ААН прызнаць абавязак Беларусь прадаставіць яму эфектыўны сродак прававой абароны, уключаючы выплату сумы штрафу. Акрамя гэтага, просіць рэкамендаваць Рэспубліцы Беларусь перагледзець законы, нарматыўныя акты і адміністрацыйную практыку, якія тычацца правядзення масавых мерапрыемстваў, стварыўшы ўсе неабходныя ўмовы для рэалізацыі грамадзянамі правоў на свабоднае выказванне меркавання і на мірныя сходы.

Не гледзячы на ​​тое, што беларускія ўлады не імкнуцца выконваць меркаванні КПЧ ААН у дачыненні да сваіх грамадзян, юрыст "Вясны" Аляксей Лойка лічыць, што не варта змяншаць колькасць зваротаў у Камітэт.

Аляксей Лойка

"Прадстаўнікі дзяржавы хоць і не раз заяўлялі пра тое, што меркаванні КПЧ для іх не з'яўляюцца абавязковымі, аднак варта прызнаць, што яны ўсё адно ўплываюць на правапрымяняльную практыку беларускіх суддзяў. Напрыклад, калі суддзя разглядаў скаргу арганізатараў Дня волі-2019 на адмову Мінгарвыканкама ў правядзенні сходу ля Опернага тэатра, ён пастараўся досыць падрабязна абгрунтаваць законнасць такой адмовы меркаваннямі бяспекі ўдзельнікаў, як гэтага патрабуюць міжнародныя акты ў галіне правоў чалавека. Таму варта пагадзіцца з эксперткай КПЧ Ільзай Брандс-Керыс, якая падчас нядаўняга візіта ў Беларусь адзначыла, што пры любым раскладзе рэчаў нельга даваць нагоду ўладам заяўляць аб зніжэнні колькасці парушэнняў правоў чалавека", — адзначае юрыст.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства