«Чалавек не можа ўявіць, за што ён можа быць пакараны». Другая панэль міжнароднай канферэнцыі Фота
Другая панэль «Барацьба з экстрэмізмам у Расіі і краінах СНД» ў рамках міжнароднай канферэнцыі «Супрацьдзеянне экстрэмізму і правы чалавека» пачалася з выступу міжнароднай эксперткі Сашы Кулаевай.
У рамках свайго дакладу «Барацьба з экстрэмізмам у краінах СНД. Абумоўленыя абмежаванні правоў ці барацьба з іншадумствам?» яна распавяла, што зараз ідзе вельмі важная бітва за тое, каб не проста зрабіць дэфініцыю, што такое экстрэмізм, а не змяшаць экстрэмізм і тэрарызм. Расія і Казахстан, якія цяпер займаю вядучыя пазіцыі ў антытэрарыстычных органах ААН, вельмі актыўна працуюць над тым, каб прыраўнаць гэтыя паняцці: спачатку ідзе проста тэрарызм, потым тэрарызм і гвалтоўны экстрэмізм, а потым слова гвалтоўны забываюць і застаецца проста экстрэмізм.
«І гэты пераход ад тэрарызму да экстрэмізму мы назіраем у ААН. Для нас вельмі важна змагацца за тое, каб не даць размыць гэтыя межы паміж паняццямі», - сказала экспертка.
Саша Кулаева адзначыла, што вялікую ролю адыгрывае Шанхайская арганізацыя супрацоўніцтва (ШАС), якая была створана ў 2001 годзе шасцёркай краінаў - Расіяй, Кітаем, Узбекістанам, Казахстанам, Таджыкістанам, Кіргізіяй, бо у яе праграмнай дэкларацыі быў заяўлены прынцып трох зол - тэрарызму, экстрэмізму і сепаратызму.
Беларусь стала краінай-назіральніцай у ШАС і плаўна рухаецца па ўзыходзячай лесвіцы, і цалкам магчыма ў агляднай будучыні стане удзельнікам гэтай арганізацыі.
«Але ва ўсёй гэтай сітуацыі нас больш за ўсё хвалюе прынцып узаемнага прызнання, які патрабуе ад дзяржаў-удзельніц забяспечыць ўзаемнае прызнанне ўчыненых на тэрыторыi любой з яе членаў актаў тэрарызму, сепаратызму і экстрэмізму, незалежна ад таго, ці прызнаюцца дзеянні, якія мелі месца, у якасці такіх у рамках нацыянальных заканадаўстваў астатніх дзяржаў-удзельніц, і нягледзячы на магчымую неадпаведнасць заканадаўчай тэрміналогіі, якая выкарыстоўваецца ў розных краінах», - падкрэсліла Саша Кулаева.
Другое пытанне - пытанне не прадастаўлення прытулку: калі па палітычных прычынах хтосьці пераследуецца за экстрэмізм у адной з гэтых краін, ён не можа прасіць прытулку ў суседняй краіне, што ў свой час кранула уйгураў, якія жылі ў Казахстане і Кыргызстане: паколькі яны расцэньваліся як сепаратысты і экстрэмісты ў Кітаі, такімі яны сталі разглядацца і ў гэтых дзяржавах, што прывяло да шматлікіх экстрадыцый.
Яшчэ адно пытанне - забарона дзейнасці арганізацыяў, якія таксама ўзаемна прызнаюцца экстрэмісцікімі, тэрарыстычнымі ці сепаратысцкімі.
«Наступным практычным наступствам была забарона літаратуры. ШАС склаў свае спісы літаратуры, якая падлягае да забароны, што павінна была быць узаемна прызнана ўсімі краінамі ШАС.
І нарэшце, абаронцы тых, каго збіраліся дэпартаваць з Казахстана або Кыргызстана ў Кітай, падпадалі пад артыкул «садзейнічанне тэрарызму», паколькі яны спрабавалі прадухіліць экстрадыцыю ў Кітай уйгураў», - адзначыла Саша Кулаева.
Пры ўсім гэтым у ШАС ёсць статус назіральніка ў ААН, хоць шэраг яе паказчыкаў адкрыта парушаюць прынцып Жэнеўскай канвенцыі ў частцы прашэння прытулку і нявыдача ў краіну, дзе ёсць смяротнае пакаранне.
Асноўныя наступствы працы ШАС - гэта ўзаемнае прызнанне экстрэмісцкіх арганізацый, пры тым, што рашэнні аб прызнанні нідзе не публікуюцца, а таксама палажэнне аб тым, што юрысдыкцыя любой дзяржавы-ўдзельніцы не абмежаваная ўласнай тэрыторыяй, статусамі або грамадзянамі, кожны раз калі злачынства ставіць сваёй мэтай ўчыненне тэракту ў незалежнасці ад месца знаходжання ахвяраў ці злачынца, а таксама меў тэракт месца ці не.
«Адпаведна ў рамках гэтага пагаднення ўсім краінам-ўдзельніцам даецца права дзейнічаць на тэрыторыі іншых краін для прадухілення гэтага акта».
У сувязі з гэтым праваабаронцамі зафіксаваныя шматлікія парушэнні правоў, у тым ліку не прадастаўленне прытулку, высылка, выкраданне на тэрыторыі іншых краінаў, сфабрыкаваныя абвінавачванні, якія палягчаюць праходжання працэдуры экстрадыцыі або выправаджэння, і пазбаўлення грамадзянства для прастаты выдачы ў іншую краіну.
Наступнай выступіла экспертка Інфармацыйна-аналітычнага цэнтру «Сава», кіраўніца аддзела «Неправамерны антыэкстрэмізм» Марыя Краўчанка.
Падчас свайго дакладу «Неправамернае прымяненне антыэкстрэмісцкага заканадаўства ў Расіі. Агляд заканадаўства і правапрымяняльнай практыкі» экспертка распавяла, што размова аб расійскім антыэкстрэмісцкім заканадаўстве трэба пачынаць з вызначэння экстрэмізма, якое знайшло адлюстраванне ў шэрагу артыкулаў адміністрацыйнага і крымінальнага кодэксаў.
Калі глядзець на расійскае заканадаўства праз прызму міжнародных стандартаў, то расійскія нормы маюць розныя абмежаванні, як накіраваныя на абарону нацыянальнай бяспекі, так і накіраваныя на супрацьдзеянне злачынствам на глебе нянавісці, дыскрымінацыі і на супрацьдзеянне арганізаванай злачыннасці на ідэалагічнай глебе.
І хоць расійскае заканадаўства прадугледжвае і цалкам разумныя абмежаванні, заснаваныя на патрабаваннях міжнароднага права, і ўжывае іх абгрунтавана, варта сказаць, што існуе шэраг праблемаў, звязаных як з шырокімі і невыразнымі фармулёўкамі саміх законаў, так і практыкай прымянення права, якая склалася.
«І гэта адносіцца да групы нормаў, якія тычацца нацыянальнай бяспекі. Сярод іх такія артыкулы крымінальнага кодэксу, як заклікі да экстрэмісцкай дзейнасці, заклікі да сепаратызму і аб апраўданні тэрарызму.
Пры гэтым да экстрэмізму па законе адносяцца самыя розныя дзеянні: ад тэрарызму да прапаганды перавагі уласнай рэлігіі, і нідзе не гаворыцца, што супрацьзаконнымі з'яўляюцца менавіта дзеянні, звязаныя з гвалтам. Адпаведна ствараецца такая сітуацыя, як напрыклад, у выпадку з артыкулам пра заклікі да сепаратызму, калі крымінальная адказнасць прадугледжаная за выказванні, якія нават не заклікаюць да гвалту або якім-небудзь проціпраўным дзеянням.
Існуюць і спецыфічныя праблемы правапрымянення: мяркуецца, што праваахоўныя органы і суды павінны ацэньваць патэнцыйную грамадскую небяспеку таго ці іншага выказвання і прымяняць мінімальна магчымыя санкцыі, неабходныя для спынення якой-небудзь спецыфічнай небяспекі. У нас жа трохчастковы тэст не ўжываецца і вынікам з'яўляецца настолькі шырокі роскід выказванняў, які падпадае на практыцы пад пераслед, што ўзнікае поўная непрадказальнасць.
Чалавек не можа ўявіць сабе, за што ён можа быць пакараны, і зрабіць адпаведныя высновы», - удакладніла Марыя Краўчанка.
Акрамя таго, экспертка адзначыла, што расійскае заканадаўства забараняе распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў і любое дэманстраванне нацысцкай сімволікі і сімволікі забароненых арганізацый. Аднак, не заўсёды дэманстрацыя нацыскай сімволікі ці іншай азначае, што грамадзяне сапраўды прапагандуюць адпаведную ідэалогію, а праваахоўныя органы кантэкст і мэты такога дэманстравання не ўлічваюць. Па гэтай прычыне пад пераслед траплялі пасты з гістарычнымі фатаграфіямі.
«Практыка па гэтых артыкулах добра дэманструе выбіральнасць расійскага праваўжывання ў гэтай сферы. Напрыклад, цэнтральныя каналы тэлебачання за дэманстраванне тых жа самых гістарычных малюнкаў ніхто ніколі да адказнасці не прыцягваў», - адзначыла Марыя Краўчанка.
Яна таксама падкрэсліла, што ў Расеі існуе федэральны спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў, які ўключае каля 5000 розных матэрыялаў. Карыстацца такім спісам фактычна немагчыма, і грамадзяне часцей за ўсё проста не падазраюць, што матэрыял, які яны распаўсюджваюць - забаронены. Статыстыка прымянення адміністрацыйных антыэкстрэмісцкіх артыкулаў вельмі высокая - практычна 2000 выпадкаў прыцягнення да адказнасці ў год.
«І гэта з'ява таксама характэрная, якую можна растлумачыць тым, што праваахоўныя органы на месцах павінны даваць справаздачу перад вышэйшым начальствам аб высокіх паказчыках барацьбы з экстрэмізмам. А гэтыя артыкулы як нельга лепш падыходзяць для рэалізацыі палкавай сістэмы», - сказала Марыя Краўчанка.
У заключэнні другой панэлі свой даклад «Аналіз практыкі Еўрапейскага суда па правах чалавека па справах, звязаных з экстрэмізмам» прадставіў практыкуючы юрыст, кіраўнік міжнароднай практыкі Міжнароднай праваабарончай групы «Агора» Кірыл Карацееў.
Ён распавёў прысутным, што Еўрапейскі суд у сваіх рашэннях выкарыстоўвае апору на канкрэтныя факты. Не важна, якая кваліфікацыя справы па нацыянальным праве - будзь гэта экстрэмізм, фэйкньюс, абраза вялікасці, для Еўрапейскага суда важна, ці ёсць заклікі да дыскрымінацыі, ці ўтрымлівацца экстрэмісцкія выказванні. Пры гэтым ёсць шэраг выказванняў, якія не абараняюцца Канвенцыяй - гэта антысеміцкія выказванні, адмаўленне Халакоста і злачынстваў нацызму, усхваленне тэрарыстычных актаў.
«Важна, што калі мы гаворым пра неабходнасць ў дэмакратычным грамадстве - гэта не пра абстрактныя рэчы. У практыцы суда гэта вельмі канкрэтныя і правяраныя крытэрыі: перш за ўсё, ці маюцца заклікі да гвалту, ці ўстаноўлена або даказана, што заклікі да гвалту рэальна могуць прывесці да гвалту, ці ёсць нянавісць да меншасці.
Суд заўсёды пераходзіць хутка або павольна да аналізу таго, ці былі ўжытыя санкцыі неабходнымі ў дэмакратычным грамадстве, ці быў пераслед прапарцыйным», - распавёў эксперт.
Еўрапейскаму суду прасцей кантраляваць, якія прычыны былі прыведзеныя нацыянальнымі судамі для таго, каб абгрунтаваць санкцыі. І суд вельмі незадаволены тым, што адбываецца паўсюдна, і ў Беларусі таксама - калі нацыянальныя суды проста капіююць ў сваё рашэнне або прысуд тое, што напісаў эксперт. І для Еўрапейскага суду заўсёды гэта пераважвае ў бок парушэння. Пытанне, ці з'яўляецца тое ці іншае выказванне экстрэмісцкім, якія распальваюць нацыянальную варожасць, нянавісцю - прававое пытанне, а не экспертнае. Суадносна, калі няма прававой ацэнкі ад суддзі - гэта для Еўрапейскага суда прыкмета таго, што ўлада парушыла свае абавязацельствы.
Пасля гэтага адбылася дыскусія.
Мадэратарам панэлі выступіў юрыст "Вясны" Уладзімір Лабковіч.
Праца канферэнцыі працягваецца.
У Мінску праходзіць вялікая канферэнцыя на тэму супрацьдзеяння экстрэмізму і правоў чалавека