viasna on patreon

"Дармаед" — у Беларусі ярлык на ўсё жыццё?

2019 2019-05-31T17:20:04+0300 2019-05-31T17:23:17+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/sluzhba_zanyatosti_20182606_bur_tutby_phsl_-8937.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Чарговая неадназначная сітуацыя адбылася з мінчуком і «камісіяй па дармаедах». Аляксандр Баранаў паскардзіўся ў Міністэрства працы і сацыяльнай абароны на тое, што камісія па працы з працаздольнымі грамадзянамі, якія не занятыя ў эканоміцы адміністрацыі Савецкага раёна г. Мінска парушыла яго правы, змясціўшы дадзеныя мінчука ў «базу дармаедаў» на першы квартал 2019-га года, без законных на тое падставаў. Гэтая даволі распаўсюджаная ў Беларусі сітуацыя добра дэманструе безгрунтоўнасць сваёй першапачатковай ідэі дзяржавы прымусіць усіх працаваць.

Ілюстрацыйны фота. Крыніца: TUT.BY

Чыноўнік адказаў на пісьмовы зварот мінчука па тэлефоне

Справа ў тым, што Аляксандр Баранаў не можа працаўладкавацца ў сувязі з хваробай маці і наяўнасцю ў яго самога шэрага хранічных захворванняў. Нягледзячы на ​​гэта «камісія па дармаедах» прылічыла яго да дармаедаў. У студзені ён папрасіў камісію выключыць яго персанальныя дадзеныя з базы, і падаў адпаведныя дакументы-доказы.

Аднак пры падачы дакументаў службовая асоба камісіі папрасіла Баранава пакінуць нумар мабільнага тэлефона, паколькі «так яму хутчэй паведамяць пра вынікі разгляду звароту, чым ён атрымае пісьмовы адказ».

«Па заканчэнні дзесяці дзён, мне патэлефанавалі з камісіі і паведамілі, што прынялі рашэнне адмовіць мне ў заяве аб выключэнні маіх асабістых дадзеных з спісу асобаў, якія не занятыя ў эканоміцы», — распавядае Аляксандр Баранаў.

Варта падкрэсліць, што такая працэдура парушае Закон Рэспублікі Беларусі "Аб звароце грамадзян і юрыдычных асобаў". Згодна з артыкулам 14 Закона пісьмовыя звароты лічацца разгледжанымі па сутнасці, калі накіраваны адпаведныя пісьмовыя адказы. Гэтага камісія не зрабіла.

Мінчанін вырашыў абскардзіць дзеянні камісіі ў Мінгарвыканкам, паколькі яны відавочна несправядлівыя. Камітэт па працы, занятасцi i сацыяльнай абароне (далей — Камітэт), куды яго зварот накіраваў Мінгарвыканкам, адказаў у сакавіку, што яны яшчэ ў лютым прынялі рашэнне вызваліць яго ад выплаты жыллёва-камунальных паслуг да 31 сакавіка 2019 года. Такім чынам, камісія, не апавясціўшы Баранава, выключыла яго з «базы дармаедаў» толькі на першы квартал 2019 года. Хоць ён прасіў адразу выключыць яго пажыццёва, падаўшы на гэта ўсе неабходныя дакументы.

Такім чынам, з Мінгарвыканкама ён атрымаў па сутнасці два абсалютна розных адказу на свой зварот:

  • вусны адказ па тэлефоне ў студзені аб адмове выключыць яго з базы дадзеных;
  • пісьмовы адказ у сакавіку аб выключэнні яго з базы да канца сакавіка.

Мінпрацы растлумачыла, што «камісія па дармаедах» вольная ў сваіх дзеяннях

Аляксандр Баранаў у пошуках і аднаўленні справядлівасці абскардзіў дзеянні камісіі ў Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Рэспублікі Беларусь. Ён прасіў прызнаць адказ Камітэта незаконным і ўшчамляючым яго правы.

10 траўня ў адказе на скаргу мінчука Першы намеснік Міністра працы і сацыяльнай абароны А. Лабовіч растлумачыў, што:

  • камісія прымае рашэнні па заявах грамадзян аб вызваленні іх у сувязі з цяжкай жыццёвай сітуацыяй;
  • камісія самастойна прымае рашэнне на які тэрмін вызваліць грамадзяніна ад выплаты жыллёва-камунальных паслуг;
  • звесткі з "базы дармаедаў" выключыць немагчыма, можна толькі карэктаваць;
  • Мінпрацы не мае паўнамоцтваў адмяняць рашэнні камісій.

Таксама А. Лабовіч падкрэсліў, што рашэнне камісіі і адказ Мінпрацы могуць быць абскарджаны ў суд. Але пры гэтым камісія сама ж вызначыла парадак абскарджвання ў Мінпрацы. Пры гэтым, як адзначае юрыст праваабарончага цэнтру "Вясна" Аляксей Лойка, на практыцы суд не ўзбуджае вытворчасць па такіх справах.

Праваабаронцы: «Праблема ў непрацуючым і супярэчлівым механізме»

Дзеянні камісіі па ўключэнні персанальных дадзеных Баранава ў спіс асобаў, якія не былі заняты ў эканоміцы, на думку праваабаронцаў "Вясны", парушаюць яго шматлікія правы і свабоды, гарантаваныя яму Канстытуцыяй і міжнароднымі стандартамі: права на свабоду выбару роду заняткаў, права не падвяргацца прымусовай працы і права не падвяргацца дыскрымінацыі.

Юрыст ПЦ "Вясна" Аляксей Лойка адзначае, што праблема гэтай сітуацыі і падобных іншых, зыходзіць першапачаткова з недапрацаванага заканадаўства і няправільнай практыкі:

Аляксей Лойка

«Як мы бачым, практыка прымянення Дэкрэта аб дармаедстве выклікае вельмі шмат пытанняў. У адсутнасць аднастайнага разумення што ўяўляе сабой "цяжкая жыццёвая сітуацыя", становіцца незразумелым і парадак абскарджвання рашэнняў камісій па садзейнічанні занятасці насельніцтва.

Прыклад Баранава пацвярджае, што рашэнні камісій, якія ўстанаўліваюць канкрэтныя абавязкі для асоб, нельга абскардзіць у суд, што з'яўляецца абмежаваннем права на судовую абарону. Мінпрацы, як рэспубліканскі орган дзяржаўнага кіравання, не валодае паўнамоцтвамі адмяняць рашэнні камісіі. На практыцы такая сітуацыя толькі пагаршае цяжкую жыццёвую сітуацыю для чалавека. Улады, распрацаваўшы непрацуючы і супярэчлівы механізм, самі паказваюць безгрунтоўнасць сваёй першапачатковай ідэі прымусіць усіх працаваць».

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства