У Брэсце з'явіцца экалагічная праваабарончая арганізацыя?
Праціўнікі завода АКБ ў Брэсце плануюць стварыць абласное экалагічнае праваабарончае грамадскае аб'яднанне «ЭкоБрест», піша b-g.by. Яго заснавальнікі — 12 жыхароў Брэста і Брэсцкага раёна, сярод якіх і кіраўнік арганізацыі праваабаронца Раман Кісляк. Як яны паведамляюць, у бліжэйшы час будуць пададзены дакументы на рэгістрацыю арганізацыі.
У нядзелю 26 траўня яго заснавальнікі правялі ўстаноўчы сход Брэсцкага абласнога экалагічнага праваабарончага грамадскага аб'яднання «ЭкоБрест». Асноўнай мэтай дзейнасці ГА «ЭкоБрест» заяўляецца дапамога, падтрымка і шырокае прыцягненне грамадскасці да вырашэння экалагічных праблем, абарона правоў і свабод чалавека, зафіксаваных у Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь і міжнародных дамовах Рэспублікі Беларусь.
«Не заўсёды нас у кабінетах улады ўспрымалі як прадстаўнікоў грамадскасці. Вырашэнне праблемы зацягваецца: акумулятарны завод пад Брэстам не закрыты, нягледзячы на пратэсты жыхароў Брэста і Брэсцкага раёна. Мы вырашылі ўзмацніць свае магчымасці стварэннем грамадскага аб'яднання. Мы разлічваем на тое, што жыхары Брэсцкага рэгіёну падтрымаюць нашу ініцыятыву і далучаецца да аб'яднання пасля яго рэгістрацыі. Думаю, што наша арганізацыя будзе дастаткова масавай. Гэта будзе яшчэ адзін спосаб прадэманстраваць уладам, што нас, неабыякавых грамадзян, досыць шмат», — растлумачыў Кісляк.