Праціўнік будаўніцтва завода АКБ: Я не лічу сябе вінаватым
Суддзя суда Ленінскага раёна Берасця Святаслаў Каліна 24 траўня разгледзеў адміністрацыйную справу Паўла Кескевіча, які падчас пратэсту экаактывістаў Берасця патрапіў у поле зроку супрацоўнікаў міліцыі.
Па словах праваабаронцы Уладзіміра Вялічкіна, Кескевіч патлумачыў суду, што 7 красавіка сапраўды прыйшоў на плошчу Леніна, каб даведацца, што гэта за завод такі - АКБ. Ён ня ведаў, што гэта быў пратэст. На плошчы людзі распавядалі пра акумулятарны завод. Яму было цікава.
"Я бачыў, як затрымалі Бекалюка. Потым людзі пайшлі па Пушкінскай і Савецкай. Я таксама. Я выкрыкваў "Не заводу!" бо зразумеў пагрозу, якую нясе завод АКБ. Я баюся за сваіх блізкіх, якія могуць пацярпець ад дзейнасці гэтага завода", - патлумачыў актывіст.
Заслухаўшы паказанні сведкі Дмітрыя Селяйковіча, суддзя Святаслаў Каліна агучыў пастанову - 10 базавых, або 255 рублёў штрафу паводле ч.1 арт.23.34 КаАП.
Навіны ад Spring96.org у Telegram. Падпішыся на наш канал https://t.me/viasna96