У КПЧ ААН прызналі ўладу вінаватай за зламаны нос беларуса
Летам 2011 года Беларусь акунулася ў маўклівыя акцыі супраць рэжыму Лукашэнкі. Прадстаўнік Беларускага Хельсінкскага Камітэта (БХК) Ілля Петравец назіраў за адной з такіх акцый пратэсту ў Мінску, у выніку чаго атрымаў закрыты пералом носа. На доказ здзяйснення злачынства супрацоўнікамі міліцыі, як піша "Гомельская Вясна", ў маладога чалавека і яго адваката сышло 8 гадоў.
Як разгортваліся падзеі?
Ён быў затрыманы двума мужчынамі ў чорнай форме з надпісам «міліцыя» і без тлумачэння прычын змешчаны ў вялікі міліцэйскі аўтамабіль, дзе знаходзіліся іншыя затрыманыя. Усе арыштаваныя былі вымушаныя ляжаць на падлозе аўтамашыны. Іх збівалі мужчыны ў чорнай форме.
Ілля Петравец атрымаў па меншай меры пяць удараў па твары і целе, уключаючы прамыя ўдары ў нос. Ён быў дастаўлены ў абласны ўчастак міліцыі ў Менску, дзе былі ўзятыя адбіткі пальцаў. Вызвалілі маладога хлопца каля 22.00 гадзін вечара, без аніякіх дакументаў, які падцвярджалі затрыманне.
У той жа вечар, каля 23.00 гадзін, Ілля быў агледжаны хірургам у шпіталі, які паставіў дыягназ - закрыты пералом носа. Той жа дыягназ быў пацверджаны і судова-медыцынскай экспертызай. Петравец падаваў скаргі на супрацоўнікаў міліцыі ў пракуратуру і суды, дзе былі прынятыя рашэнні не пачынаць крымінальную справу з прычыны адсутнасці доказаў аб здзяйсненні злачынства супрацоўнікамі міліцыі. Праваахоўнікі адмаўлялі нават сам факт затрымання скалечанага чалавека.
Пазіцыя беларускага ўрада
Каментуючы атрыманую з Жэневы скаргу, Урад Беларусі паведаміў ў Камітэт ААН па правах чалавека, што справа была прадстаўлена не самім аўтарам, а адвакатам Сяргеем Галубком, які пражываў у Расійскай Федэрацыі. Таму па фармальнай падставе беларускія чыноўнікі вырашылі спыніць камунікацыю з КПЧ ААН па індывідуальнай скарзе свайго грамадзяніна.
Разгляд скаргі па сутнасці
Камітэт ААН па правах чалавека прыняў да ведама паведамленне аўтара пра тое, што 22 чэрвеня 2011 года ён быў затрыманы і падвергнуўся бесчалавечнаму і зневажаючаму годнасць абыходжанню. Аўтар быў агледжаны двума рознымі лекарамі, якія дыягнаставалі пералом носа і некалькі ўдараў. Беларускі ўрад не прадставіў ніякіх заўваг па гэтых сцвярджэннях і замест таго, каб пачаць хуткае і бесстаронняе расследаванне кампетэнтнымі органамі, пяць разоў адмаўляў ва ўзбуджэнні афіцыйнага крымінальнага расследавання.
Камітэт таксама адзначыў, што аўтар даў беларускім уладам доказы жорсткага абыходжання і паказанні сведак інцыдэнту. У гэтай сувязі Камітэт палічыў, што ў святле няздольнасці ці нежадання беларускіх чыноўнікаў растлумачыць відавочныя прыкметы жорсткага абыходжання, належную ўвагу варта надаць сцвярджэнням аўтара паведамлення. Па гэтай прычыне міжнародныя эксперты прыйшлі да высновы, што прадстаўленыя факты сведчаць аб парушэнні правоў аўтара па артыкуле 7 Міжнароднага Пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах (бесчалавечнае і прыніжаючае чалавечую годнасць абыходжанне).
Згодна прынятага рашэння, беларускія ўлады абавязаны зараз правесці хуткае і бесстаронняе расследаванне аб жорсткім абыходжанні і даць аўтару адэкватную кампенсацыю. Рэспубліка Беларусь таксама абавязана прыняць усе неабходныя меры для прадухілення паўтарэння падобных парушэнняў у будучыні і апублікаваць прынятае ў Жэневе рашэнне на двух афіцыйных мовах у афіцыйнай прэсе.
Каментар эксперта
Праваабаронца Леанід Судаленка, кіраўнік гомельскага Цэнтра стратэгічных цяжбаў заяўляе, што беларускім чыноўнікам не ўдасца сысці ад пытанняў, якія ўзнімаюцца грамадзянамі на міжнародным узроўні.
«Рэспубліка Беларусь ратыфікавала ў 1992 годзе Факультатыўны пратакол да Міжнароднага Пакту аб грамадзянскіх і палітычных правах, тым самым прызнала кампетэнцыю Камітэта ААН па правах чалавека вызначаць, ці мела месца парушэнне Пакта ў кожным канкрэтным выпадку. Акрамя таго, у адпаведнасці з артыкулам 2 Пакту, беларускі ўрад абавязаўся на міжнародным узроўні забяспечыць усім асобам на сваёй тэрыторыі права, прызнаныя ў Пакце і прадастаўляць эфектыўныя сродкі прававой абароны», - падкрэсліў эксперт.
Ён таксама адзначыў, што рашэнні, якія прымаюцца ў Жэневе, не маюць тэрмінаў даўнасці, таму іх выкананне з'яўляецца пытаннем часу. На сённяшні дзень у КПЧ ААН зарэгістравана звыш 300 скаргаў з Беларусі, па 120 з якіх ужо прыняты рашэнні аб парушэнні тых ці іншых правоў беларусаў. Ні адно з прынятых у Жэневе рашэнняў афіцыйным Мінскам не выканана.
Навіны ад Spring96.org у Telegram. Падпішыся на наш канал https://t.me/viasna96