Берасцейца, брутальна затрыманага на вачах у сына, пакаралі штрафам за хуліганства
3 сутак арышту і дзве базавыя велічыні штрафу. Так скончылася гісторыя з нядзельным затрыманнем Віталя Шавяленкава.
5 траўня Віталя на вачах у малалетняга сына жорстка затрымлівалі аж шасцёра супрацоўнікаў міліцыі. Чым жа правініўся Віталь перад праваахоўнымі органамі?
Як распавёў Віталь “Берасцейскай Вясне”, у адну з нядзель ён праходзіў па плошчы Леніна падчас кармлення галубоў і ўбачыў, што яго запісвае на відэакамеру супрацоўнік міліцыі ў цывільным. Віталь папрасіў "ціхара" сцерці відэа з iм. Але атрымаў адмову. Менавіта гэты факт інкрымінавалі Віталю як дробнае хуліганства, за што прадугледжана адміністрацыйная адказнасць.
Віталь не разумее, навошта яго трэба было затрымліваць падобным чынам, ды яшчэ на вачах у дзіцяці, навошта пазбаўляць волі і садзіць у ІЧУ?
Дарэчы, у ІЧУ Віталю спадабалася – ён адпачыў ад тэлефона і перачытаў Булгакава. З харчаваннем таксама ўсё было ў парадку – сваякі і неабыякавыя грамадзяне перадалі Віталю ўсё, што трэба. 8 траўня намеснік начальніка Ленінскага РАУС Мікалай Самасюк прызнаў Віталя вінаватым у адміністрацыйным правапарушэнні, прадугледжаным артыкулам 17. 1 КаАП РБ і аштрафаваў яго двума базавымі велічынямі штрафу.
Навіны ад Spring96.org у Telegram. Падпішыся на наш канал https://t.me/viasna96