Упершыню за 30 гадоў у Мінску не будзе традыцыйнага «Чарнобыльскага шляху»
Арганізатары традыцыйнага шэсця Чарнобыльскага шляху паведамілі, што адмаўляюцца ад традыцыйнага шэсця і мітынгу. Пра гэта яны заявілі на прэс-канфэрэнцыі 25 красавіка, піша "Радыё Свабода".
Замест Чарнобыльскага шляху арганізатары прапануюць браць удзел у «Чарнобыльскім тыдні» — у іншых мерапрыемствах, лекцыях і прэзэнтацыях.
Сустаршыня Беларускай хрысціянскай дэмакратыі Вольга Кавалькова адзначыла, што на Чарнобыльскі шлях падавалі заяўку, бо «калі не змагацца, нічога не будзе». Але, як адзначылі арганізатары, улады спазніліся з адказам на заяўку і не прадставілі дамову — «зрабілі ўсё, каб сарваць акцыю».
Як падкрэсліў Вячаслаў Сіўчык з руху салідарнасьці «Разам», аргкамітэт адразу назваў непрымальнай пастанову аб аплаце паслугаў міліцыі, бо «яна ніколі не дазволіць беларусам пратэставаць». Ён мяркуе, што гэтай пастановай улады «ўзялі і забаранілі Чарнобыльскі шлях». Вольга Кавалькова ў тым ліку перадавала зварот міністру юстыцыі аб супярэчаньні тром артыкулам Канстытуцыі цяперашніх правілаў арганізацыі мітынгаў і аплаты паслугаў міліцыі. Яна падкрэсліла, што і заезды раварыстаў, і забегі марафонцаў цяпер могуць стаць немагчымымі праз гэтыя правілы.
Прадстаўнік партыі «Зялёныя» Зміцер Кучук сказаў, ён сам прыйдзе да Акадэміі навук, каб выказаць салідарнасць з тымі, хто хацеў пайсці на марш.
Сіўчык адзначыў, што будзе вітаць мужнасць любога, хто выйдзе выказацца пра сытуацыю з Чарнобыльскай катастрофай і іншымі тэмамі акцыі (у ліку якіх будаўніцтва БелАЭС, акумулятарнага і цэлюлёзнага заводу). У той жа час арганізатары падкрэслілі, што не заклікаюць да несанкцыянаванага пратэсту.
Як адзначыў праваабаронца "Вясны" Валянцін Стэфановіч, змены ў Закон “Аб масавых мерапрыемстваў”, якія ўступілі ў сілу тры месяцы таму, не паляпшаюць сітуацыю са свабодай мірных сходаў у Беларусі, а, наадварот, ствараюць непасільныя ўмовы для арганізатараў масавых мерапрыемстваў.
“Апошняя сітуацыя з “Чарнобыльскім шляхам” стала своеасаблівай квінтэсэнцыяй праблемы ўскладання выдаткаў па правядзенні мірных сходаў на іх арганізатараў. Гэта, дарэчы, адна з нашых традыцыйных падставаў для крытыкі закона “Аб масавых мерапрыемствах”.
Сітуацыя яшчэ больш пагоршылася з прыняццём зменаў у закон і ўступленнем у сілу адпаведнай Пастановы Саўміна №49, якая ўстанаўлівае тарыфы на аплату паслуг міліцыі. Таксама, згодна з Пастановай, калі арганізатары масавага мерапрыемства хочуць правесці яго не ў спецыяльна прызначаным для гэтага месцы, то пры разліку сумы аплаты паслуг прымяняецца павышаючы каэфіцыент. У выніку канчатковая сума можа дасягаць некалькіх тысячаў еўра”, — каментуе сітуацыю праваабаронца "Вясны".
Апошнія змены ў заканадаўства аб масавых мерапрыемстваў закранулі і вернікаў, якія ладзяць парафіі. Як паведамляе krynica.info, беларускія біскупы спрабуюць дамовіцца з уладамі каб гэтыя аплаты не ўжываліся да касцёльных масавых мерапрыемстваў.
"Але ж нават калі атрымаецца, усе мы ведаем што такія палягчэння так проста не даюцца. Застаецца чакаць скрыні для ахвяраванняў на парафіях Беларусі з надпісам «На аплату паслуг міліцыі»", — пішуць на хрысціянскім інфармацыйным партале.
Нагадваем, Мінгарвыканкам выдаў дазвол на шэсце па традыцыйным маршруце з умовай, што арганізатары аплацяць паслугі міліцыі па ахове акцыі. ГУУС выставіла суму ў памеры 5737 беларускіх рублёў ці 2739 даляраў.
Правядзенне мірных сходаў пад пагрозай: кошты за паслугі міліцыі непад'ёмныя