viasna on patreon

Віцебск: суд пакараў блогера за крытыку кіраўніцтва мясакамбіната

2019 2019-04-15T13:24:45+0300 2019-04-15T13:25:22+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/sikora-2.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Блогер і былы працаўнік мясакамбінату Сяргей Сікора. Фота: "Віцебская Вясна".

Блогер і былы працаўнік мясакамбінату Сяргей Сікора. Фота: "Віцебская Вясна".

Віцяблянін Сяргей Сікора назваў у відэароліку супрацоўнікаў аховы Віцебскага мясакамбінату “рэжымнікамі” і расказаў, як яны “бегаюць па камбінаце і хапаюць людзей за сасіску”. Прадстаўнікі прадпрыемства патрабавалі ў судзе выбачэньняў і выдаленьня відэа. Як паведамляе "Віцебская Вясна", пазоўныя патрабаваньні былі задаволеныя, але часткова…

Электраманцёр (цяпер ужо – былы) Віцебскага мясакамбінату Сяргей Сікора вядзе на Youtube і ў “Аднаклясьніках” відэаблог. У сваіх відэазваротах ён расказвае, што адбываецца на прадпрыемстве, уздымае вострыя пытаньні, крытыкуе кіраўніцтва.

Гэтак, у адным з ролікаў ён зьвярнуўся да дырэктара мясакамбінату і да сьледчага камітэту з патрабаваньнем правесьці расьсьледаваньне на прадпрыемстве. Заявіў пра ціск з боку адміністрацыі цэху, абвінаваціў яе ў парушэньні заканадаўства. Гэтае відэа атрымала на Youtube больш за 35 тысячаў праглядаў.

“Бегаюць па камбінаце, хапаюць людзей за сасіску…”

Праблемы, якія ўзьняў Сікора, пачалі абмяркоўвацца на прадпрыемстве. Актыўнасьць электраманцёра не засталася незаўважанай і кіраўніцтвам мясакамбінату. Але адрэагавала яно на ўсё гэта своеасабліва: замест таго, каб правесьці праверку, на электраманцёра быў пададзены пазоў у суд.

Падставай для судовага разьбіральніцтва быў ужо іншы відэаролік – “Рэжымнікі і акты”, выкладзены ў інтэрнэт 8 лютага.

Грамадзянскую справу аб абароне гонару і годнасьці прадпрыемства разглядала судзьдзя Першамайскага суду Віцебску Алена Савіцкая. У якасьці пазоўнікаў выступілі начальнік рэжымнага аддзелу прадпрыемству Мікалай Барсукоў і ягоны падначалены Сяргей Бізуноў. Яны палічылі, што агучаная ў відэароліку інфармацыя не адпавядае рэчаіснасьці і ганьбіць іх гонар, годнасьць і дзелавую рэпутацыю.

У пазоўнай заяве прасілі суд абавязаць адказчыка выдаліць відэаролік, публічна папрасіць прабачэньня ды аплаціць судовыя выдаткі.

У роліку Сяргей Сікора сьцьвярджае, што на камбінаце ёсьць “некаторыя тыпы, якія называюць сябе рэжымнікамі”. Яны, “ня маючы на тое правоў, бясчынствуюць”. Гэта, на думку блогера, праяўляецца ў тым, што супрацоўнікі рэжымнага аддзелу ходзяць па камбінаце без спэцадзеньня, заходзяць у кілбасныя і харчовыя цэхі, у капцілкі, “бегаюць па камбінаце, хапаюць людзей за сасіску”. І пры гэтым не прад’яўляюць дакумэнтаў і не прадстаўляюцца. Якраз словазлучэньні “уявілі сябе рэжымнікімі”, “бегаюць і хапаюць за сасіску”, “бясчынствуюць” і выклікалі абурэньне супрацоўнікаў аховы.

Адвакатка: Ня трэба людзям закрываць раты

Адзначым, што на судовае паседжаньне Сяргей прыйшоў ужо ў якасьці беспрацоўнага. Паводле ягоных словаў, пасьля ўсяго гэтага працаваць яму там проста ня далі б. Таму ён звольніўся “па ўласным жаданьні”. Таксама, каб не падстаўляць калегаў, у якасьці сьведкаў заявіў толькі былых супрацоўнікаў мясакамбінату.

Прадстаўнікі прадпрыемства сьцьвярджалі ў судзе, што яны заўсёды ходзяць у форме, прадстаўляюцца і ніяк не парушаюць устаноўленых правілаў.

Між тым, сьведкі з боку блогера цалкам пацьвердзілі інфармацыю, якую ўтрымлівае ролік. Казалі, што супрацоўнікі рэжымнага аддзелу сапраўды ходзяць бяз формы, не прадстаўляюцца, ажыцьцяўляюць дагляд па-за межамі адмысловага пакою для дагляду, робяць гэта без міліцыянтаў і так, каб не трапляць у поле зроку камэр назіраньня.

“Увесь гэты ролік носіць характар звароту да кіраўніцтва мясакамбінату і зьмяшчае меркаваньне Сяргея пра тое, што існуюць дзьве паралельныя службы на камбінаце. Ён выказваецца, што абедзьве гэтыя службы павінны працаваць празрыста, у адпаведнасьці з вызначаным нарматыўна-прававым актам. І зьвяртаецца да дырэктара, бо не разумее, чаму яны не паказваюць дакумэнты, чаму не выконваюць працэдуры”, – казала на працэсе адвакатка Тацяна Ткачонак.

Паводле адвакаткі, выказанае Сяргеем Сікорам ёсьць меркаваньнем, “якое носіць характар ацэнкі і крытыкі”, бо дзеяньні службаў аховы закранае пачуцьцё ўласнай годнасьці працаўнікоў камбінату. Адзначыла, што словазлучэньне “ўявілі сябе рэжымнікамі” не павінна абражаць супрацоўнікаў рэжымнага аддзелу, бо не нясе нэгатыўнай ацэнкі.

“Мяркую, што ў сьвятле цяперашняй інфармацыйнай палітыкі ня трэба людзям закрываць раты”, – зьвярталася да судзьдзі адвакатка.

Сікора: Выбачацца ня буду

Сяргей Сікора цалкам адхіліў іскавыя патрабаваньні і заявіў, што ня лічыць сябе вінаватым.

“У любым выпадку я не хацеў ані абразіць, ані прынізіць іх гонар і годнасьць. Я хацеў пакрытыкаваць. Пазоўнікі заяўляюць, што выступаюць тут як простыя грамадзяне. Але, шмат разоў перагледзеўшы відэа, я так і не зразумеў, у чым я зьняважыў іх гонар і годнасьць як простых грамадзянаў. Так, мелася крытыка нейкіх асобаў. Паводле іхных жа словаў, яны ня маюць дакумэнтаў. Дык я дагэтуль не магу зразумець, якім чынам магу вызначыць іх прыналежнасьць да супрацоўнікаў бясьпекі”, – заявіў на судзе Сяргей Сікора.

Выслухаўшы довады бакоў, судзьдзя Алена Савіцкая прыняла рашэньне часткова задаволіць пазоў. Сяргей Сікора павінен будзе прынесьці публічнае прабачэньне і аплаціць судовыя выдаткі (76 рублёў 59 капеек).

Выдаляць відэа ён не абавязаны

Ужо пасьля суду Сяргей заявіў “Віцебскай Вясьне”, што ня будзе прасіць прабачэньня, а рашэньне суду Першамайскага раёну Віцебску абскардзіць у абласным судзе.

“Выклаўшы крытычныя заўвагі мясакамбінату, я быў падвергнуты свавольству суду. Судзьдзя не палічыла патрэбным зьвярнуць увагу на артыкулы працоўнага заканадаўства і прыведзеныя довады. Гэтая нахабная і амаральная сыстэма заганяе людзей у пекла сучасных рэаліяў. Уладары зараз мяркуюць, што пазьбегнуць пакараньня за самавольства, не разумеючы, што ёсьць людзі, гатовыя ўжо пайсьці на крайнія меры”, – пракамэнтаваў рашэньне суду Сяргей Сікора.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства