Трох віцяблян аштрафавалі на 102 рублі кожнага за фота з бел-чырвога-белым сцягам
У судзе Кастрычніцкага раёну Віцебска 11 красавіка разглядаліся адміністрацыйныя справы ў дачыненні Міколы Качурца і братоў Уладзімера і Яраслава Кійко. Тры розныя суддзі сінхронна пакаралі кожнага з актывістаў штрафам у памеры 4 базавых велічыняў – за фатаграфаванне з бел-чырвона-белымі сцягамі.
Па інфармацыі "Віцебскай Вясны", ктывістаў вінавацілі ў парушэнні заканадаўства аб масавых мерапрыемствах (арт. 23.34 КаАП). Нібыта віцябляне, фатаграфуючыся з бел-чырвона-белым сцягам на фоне помніку Альгерду на Дзень Волі ў Віцебску, без дазволу здзяйснялі пікетаванне. У якасці доказаў супрацоўнікі Кастрычніцкага РАУС прыклалі да справы матэрыялы відэаздымкаў.
Разгляд усіх трох справаў быў прызначаны на адзін і той жа час 11 красавіка і разглядалі іх тры розныя суддзі: Ілля Белавус – справу Уладзімера Кійко, Уладзімер Царыкаў – справу Яраслава Кійко і Сняжана Кіндзеева – Міколы Качурца.
Ніхто з абвінавачаных сваёй віны не прызнаў.
Як патлумачыў у судзе Мікола Качурэц, 24 сакавіка ён адзначаў вялікае свята – 101-я ўгодкі БНР: “Любое свята такога кшталту мусіць адзначацца са сцягам. Бел-чырвона-белы сьцяг – сцяг БНР. Лукашэнка на свае святы вывешвае савецкія сцягі, а я ўзяў з сабой БЧБ сцяг, каб сфатаграфавацца ля помніку Альгерду і ў іншых месцах. Так я раблю кожны год. І нічога супрацьпраўнага ў сваіх дзеяннях ня бачу”.
На ўсіх трох паседжаннях у якасці сведкаў з боку міліцыі выступілі адны і тыя ж супрацоўнікі Кастрычніцкага РАУС – Ярашэўскі, Карпушка, Дзятлаў. Міліцыянты ня здолелі ўцямна патлумачыць у судзе, што такое пікетаванне і з якой прычыны імгненнае трыманне ў руках бел-чырвона-белага сцяга яны палічылі за правапарушэнне.
Пры гэтым згадзіліся, што бел-чырвона-белы сцяг у нашай дзяржаве не знаходзіцца пад забаронай.
Тым ня менш усе тры суддзі амаль сінхронна (з разбежкай у 5 хвілінаў) прызналі віцяблян вінаватымі ў парушэнні заканадаўства аб масавых мерапрыемствах і аштрафавалі кожнага з іх на 102 рублі (4 б.в.).
“Усё па шаблёну, ўсё па стандарту, – пракамэнтавала рашэнні суддзяў віцебская праваабаронца Ірына Трацякова. – Пра ўсё было загадзя дамоўлена, таму такія аднолькавыя пастановы і аднолькавыя штрафы. А мы цяпер не разумеем, з чым можна фатаграфавацца, дзе можна фатаграфавацца і колькі секунд можна фатаграфавацца, каб гэта не расцанілі як пікетаванне…”.
Нагадаем, 24 сакавіка віцябляне адзначылі 101-ю гадавіну БНР ускладаннем кветак да помнікаў князю Альгерду і Уладзімеру Караткевічу, а таксама да памятнай дошкі Васілю Быкава і да мэмарыялу, усталяванаму каля Успенскага сабору на месцы пахавання нявінна забітых грамадзянаў. Усё, што адбывалася падчас ушанавання, фіксавалася на фота- і відэакамеры супрацоўнікамі міліцыі ў цывільным адзенні. Пратаколы на актывістаў складаліся цягам наступнага тыдня.
Навіны ад Spring96.org у Telegram. Падпішыся на наш канал https://t.me/viasna96