У Брэсце суд змог аштрафаваць журналіста толькі на трэці раз
Суд Ленінскага раёна г. Брэста 11 красавіка разглядзеў чарговую адміністрацыйную справу журналіста Яўгена Скрабца па арт. 22.9 КаАП (за працу на замежны СМІ без акрэдытацыі). У адміністрацыйным пратаколе пазначаецца “узяў інтэрв’ю без акрэдытацыі, чым парушыў правы і абавязкі журналіста замежнага СМІ”.
Пратакол па справе Скрабца суд ужо двойчы адпраўляў на дапрацоўку. Тэрміны разгляду справы сканчваюцца праз 9 дзён.
Суддзя па справе журналіста — Аляксандр Семянчук. Гэты ж суддзя разглядае крымінальную справу берасцейскага блогера Сяргея Пятрухіна, якога абвінавачваюць па ч. 2 арт. 188 (“Паклёп”) і ч. 2 арт. 189 (“Абраза”) Крымінальнага кодэкса.
“Я быў у музеі. Зрабіў здымак караля экспаната. Узяў каментар у археолага і выкладчыка Аляксандра Башкова пра выстаўлены арыгінал. Пазней зрабіў анонс і памясціў са здымкам у сеціве. Якім чынам з’явіўся артыкул на Рацыі не ведаю. Я асабіста інфармацыю пра выставу на сайт не ставіў і не прадастаўляў. Нават не маю паўнамоцтваў на гэта. Дырэктару музея я не прадстаўляўся як карэспандэнт Радыё Рацыя”, — распавёў Яўген на судзе.
Сведкамі па справе выступілі археолаг і выкладчык Аляксандр Башкоў і дырэктар Берасцейскага абласнога краязнаўчага музея Аляксей Міцюкоў.
У выніку суддзя Аляксандр Семянчук аштрафаваў журналіста на 30 базавых велічыняў (765 рублёў).
Акрамя таго, у пятніцу, 13 красавіка, журналіста чакае чарговы судовы разгляд па гэтым жа артыкуле 22.9 КоАП. Ён тычыцца матэрыяла, які з’явіўся на сайце Беларускага Радыё Рацыя 20 лютага пад назвай “Актывістаў і незалежных журналістаў не пусцілі на прэс-канферэнцыю ў Берасці”. Пратакол па гэтай справе адзін раз адпраўлялі на дапрацоўку.