viasna on patreon

Зміцер Дашкевіч: У ізалятары сядзеў, як у прыбіральні…

2019 2019-03-29T11:49:22+0300 2019-03-29T12:08:28+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/dashkevich-2019.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Зміцер Дашкевіч. Фота: Радыё Свабода.

Зміцер Дашкевіч. Фота: Радыё Свабода.

Актывіст і былы палітвязень Зміцер Дашкевіч, якога 26 сакавіка суд Цэнтральнага раёна Мінска аштрафаваў на 45 базавых адзінак (1100 рублёў), распавёў сайту palitviazni.info пра затрыманне, ўмовы ў ізалятары часовага ўтрымання і “спектакль” у судзе.

“Калі словы пра тое, што можна паставіць свечкі і памаліцца ў месцы, дзе расстрэльваліся людзей, расцэньваецца як заклік да несанкцыянаванай акцыі, то гэта ноу-хау нават для нашай дваццаціпяцігадовай дыктатуры”, – кажа Зміцер.

Зміцер Дашкевіч на канцэрце ў Кіеўскім скверы зрабіў прамову са сцэны, спусціўся адтуль да сям’і і праз пару хвілін яго затрымалі супрацоўнікі міліцыі ў цывільным. Некалькі гадзін пра ягонае месцазнаходжанне міліцыя не паведамляла ні жонцы, ні арганізатарам канцэрта. Пра тое, што ён у ІЧУ на Акрэсціна, стала вядома пасля 22.00.

У чаканні суда Дашкевіч амаль два дні правёў у ІЧУ на Акрэсціна. Судзілі актывіста на падставе артыкула 23.34 ч.2 (Парушэнне парадку арганізацыі або правядзення масавых мерапрыемстваў) за выступ на канцэрце ў Кіеўскім скверы ў гонар Дня Волі, падчас якога ён заклікаў прысутных прыйсці ў Курапаты і паставіць у памяць пра ахвяраў рэпрэсій свечку, піша tut.by.

У выніку суд прыняў пастанову аб тым, што Дашкевіч вінаваты ў парушэнні артыкула 23.34 і аштрафаваў яго на 1147 рублёў.

– Шчыра кажучы, у мяне нават у думках не было, што могуць адправіць за краты за бяскрыўдны, на мой погляд, выступ, – кажа Зміцер Дашкевіч. – Магчыма, нейкія эпітэты кагосьці не задаволілі, але як ёсць.

Дарэчы, калі ў прыватнай размове я размаўляў з афіцэрамі і шэраговымі супрацоўнікамі АМАПу, у вочы я казаў пра іх бандыцкія ўчынкі. І ніхто мне не запярэчыў. Ніхто не абражаўся на мяне. Усё было ціха-мірна.

Я не чакаў затрымання, таму мы з сям’ёй збіраліся пабыць на канцэрце яшчэ хвілін 10-15 і затым паехаць у Курапаты на нядзельную малітву. Але затрымалі. І самі сабе горш зрабілі. Дзякуй тым людзям, што затрымлівалі, бо да гэтага мой выступ паслухалі 2 тысячы чалавек, якія былі на канцэрце, а пасля затрымання міліцыя павялічыла маю аўдыторыю разоў у сто. Дык каму зрабілі горш?

– Як сябе міліцыя паводзіла падчас затрымання?

– Вельмі карэктна. Сядзелі побач у машыне, усміхаліся. Мяне пасадзілі ў сіні мікраўтобус, які, да слова, яшчэ раней ехаў за намі да царквы. Чакалі там, а затым з’ехалі. Мабыць, у начальства планы змяніліся.

– Куды вас павезлі, бо пэўны час пасля затрымання ніхто не ведаў, дзе вас шукаць?

– Спачатку адвезлі ў Цэнтральны РУУС, дзе пратрымалі каля трох гадзін. А ўжо адтуль адправілі ў ізалятар часовага ўтрымання.

– А ці можна было запатрабаваць адваката, які хаця б паведаміў родным, дзе вы знаходзіцеся?

– Маё затрыманне бачылі, і ўсе разумелі, дзе я знаходжуся. А наконт адваката… Можна, натуральна, разбіцца галавой аб сцяну чагосьці патрабуючы, але ад гэтага сапсуеш сабе толькі нервы і галаву.

Таму я ўжо спакойна да гэтага стаўлюся. У такіх выпадках лепш памаліцца, чым біцца галавой аб сцяну.

– Умовы ўтрымання ў ізалятары не здзівілі?

– Умовы горшыя з усіх турмаў і “зонаў”, якія я аб’ездзіў. Камера, як акварыум, вокны замураваныя, зафарбаваныя. Праветрыць памяшканне немагчыма, няма ніякага прытоку кісларода.

Там самая сапраўдная душагубка, хаця будынак адносна новы. У гэтым ізалятары сядзеў, як у гарадской прыбіральні. Калі ў прыбіральні пакласці матрац, легчы на яго, а побач яшчэ закурылі б некалькі чалавек, то гэта і будзе ізалятар часовага ўтрымання.

– Колькі было сукамернікаў?

– У першую ноч – чатыры, затым паўдня было дзевяць у двухмясцовай камеры, але ў апошнія суткі сядзеў адзін.

– Пра тое, калі будзе суд вам нічога не казалі?

– Не казалі, але я ўжо здагадваўся, што могуць адвезці ў суд і праз двое, і праз трое сутак. Так ужо здаралася з Паўлам Севярынцам. У любым выпадку, было мала надзеі, што выпусцяць на Дзень волі, ім трэба было, каб у гэты дзень я быў ізаляваны.

– А што можаце сказаць пра канчатковы прысуд? Далі штраф, а маглі і на “суткі” адправіць…

– І гэты прысуд – поўны абсурд! Лукашэнка ж сам публічна казаў пра тое, што ў Курапаты ў мемарыял можна наведацца, потым “па чарцы” зрабіць. Я ў суддззі пытаў: а гэта часам не “заклік прысутных прыйсці ў Курапаты”?

І, да таго ж, ніякіх заклікаў я не рабіў. Я сказаў, што ў Курапаты можна прыйсці, памаліцца, паставіць свечкі, падтрымаць абаронцаў мемарыяла. Калі словы пра тое, што можна паставіць свечкі і памаліцца ў месцы, дзе расстрэльваліся людзей, расцэньваецца як заклік да несанкцыянаванай акцыі, то гэта ноу-хау нават для нашай дваццаціпяцігадовай дыктатуры. Не ведаю, якое большае глупства можна яшчэ прыдумаць.

palitviazni.info

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства