Валянцін Стэфановіч пра затрыманні на Дзень Волі: "Нечаканасцю гэта ў нас не стала"
Для беларускага дэмакратычнага грамадства, магчыма, пэўнай нечаканасцю сталі апошнія затрыманні падчас святкавання Дня Волі, піша Радыё Рацыя. Затрымалі ў тым ліку рок-музыкаў: Лявона Вольскага, Змітра Вайцюшкевіча, Ігара Варашкевіча, Паўла Аракеляна. І гэта ў той час, калі ідуць размовы аб „мяккай беларусізацыі і лібералізацыі”, якую праводзяць улады.
У размове з карэспандэнтам Радыё Рацыя юрыст Праваабарончага цэнтру „Вясна” Валянцін Стэфановіч прааналізаваў гэты апошні ўсплеск рэпрэсіяў.
– Нечаканасцю гэта ў нас не стала, бо, па вялікаму рахунку, нічога ў нас не змянілася. Я маю на ўвазе сітуацыю з рэалізацыяй мірных сходаў. І гэта як раз красамоўнае таму пацверджанне. Таму што ў прынцыпе такое нават і цяжка кваліфікаваць як мерапрыемства, што трапляе пад рэгуляванне закона аб масавых мерапрыемствах.
Але тым не менш улада лічыць, што нават калі ты на вуліцы граеш на гітары і спяваеш песні, і гэта ўсё адбываецца 25 сакавіка, то ўжо гэта мае прыкметы несанкцыянаванага сходу. Таму атрымалася такая ну «ідыёцкая», я бы сказаў, сітуацыя, калі затрымалі музыкаў, якія нават граць яшчэ не пачалі, за тое, што яны нібыта ледзь не арганізатары несанкцыянаванага масавага мерапрыемства. Таму гэта яшчэ раз падкрэслівае, што збірацца ў нас, як і раней, немагчыма мірна, нават паспяваць песні ў нейкі святочны дзень. І тут, у прынцыме, мы нават нічому і не здзівіліся.
Людзей трымаюць пад вартай да трох сутак, а потым даюць вялікія штрафы. Фактычна атрымліваецца падвойнае пакаранне. Улады пачалі дзейнічаць троху больш тонка. Але сутнасць ад гэтага не змяняецца. Правы грамадзянаў як парушаліся, так і парушаюцца, – лічыць Валянцін Стэфановіч.