Пасля трох сутак Гарачкі на Акрэсціна яе справу вярнулі на дапрацоўку Дапоўнена
Суд Цэнтральнага раёна г. Мінска працягвае судзіць актывістаў за Дзень Волі. 27 сакавіка суддзя Вікторыя Шабуня разглядзела адміністрацыйную справу актывісткі Наталлі Гарачка-Басалыгі паводле артыкула 17.1 КаАП (дробнае хуліганства). У выніку суд вярнуў справу Гарачкі на дапрацоўку ў РУУС Цэнтральнага раёна г. Мінска. "Вызваліць у зале суда", — паведамляе палітык Вячаслаў Сіўчык.
Палітык Вячаслаў Сіўчык цытуе судовы працэс у сябе на старонцы ў фэйсбуку: "Наўмысна, з хуліганскіх намераў абражальна прыставала да грамадзянаў, назойліва навязвала ім сваю прысутнась і размову. Гучна крычала, паводзіла сябе нахабна і выклікаючы".
Таксама Вячаслаў Сіўчык, пагутарыўшы з Наталляй, піша:
"Гарачка знаходзілася адна ў камеры, дзе была халодна. Ёй была кепска, міліцыянты адмовіліся выклікаць хуткую. Далі нейкія таблеткі. Учора Гарачку вывелі ў камеру, дзе былі ўсе, каго трэба везці на суд. Там была 18-гадовая Аляксандра Самасюк, якую мусілі весці ў суд Маскоўскага р-на, за тое, што яна ў суботу нагой штурхнула знакамітую скульптуру гарадавога. У гэтай камеры Гарачка была з раніцы да абеду. Усіх павезлі ў суд, а Гарачку вярнулі ў адзіночку".
Актывістку затрымалі 24 сакавіка на дазволеным уладамі канцэрце-мітынгу, які быў прыўрочаны Дню Волі. Гэта адбылося на ўваходзе ў Кіеўскі сквер. Трое сутак Наталля Гарчака-Басалыга правяла ў ізалятары часовага ўтрымання на вул. Акрэсціна ў г. Мінску.
Учора суд Цэнтральнага раёна г. Мінска пакараў штрафам у памеры 45 базавых велічыняў Зміцера Дашкевіча за прамову, якую ён сказаў са сцэны на канцэрце 24 сакавіка.
У ІЧУ застаецца знаходзіцца затрыманая 25 сакавіка на Кастрычніцкай плошчы актывістка Алена Таўстая. Калі адбудзецца суд — невядома.