viasna on patreon

Камітэт па выкананні Орхускай канвенцыі занепакоены пераследам брэсцкіх эка-актывістаў

2019 2019-03-06T17:37:57+0300 2019-03-07T15:03:43+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/united_nations.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Як паведамляе "Экадом", Камітэт па выкананні Орхускай канвенцыі накіраваў Беларусі папярэднюю ацэнку выпадкаў пераследу актывістаў у сувязі з будаўніцтвам акумулятарнага завода ў Брэсце.

У сваім аглядзе Камітэт падкрэслівае, што з трыццаці пяці запытаў аб правядзенні публічных сходаў, пікетаў і дэманстрацый, атрыманых Брэсцкім гарадскім выканаўчым камітэтам на працягу 2018 года, была адобраная толькі адна заяўка на правядзенне мітынгу. Камітэт прапануе Беларусі разгледзець пытанне аб інструктаванні сваіх мясцовых органаў улады, уключаючы Брэсцкі гарадскі выканаўчы орган, каб яны вялі агульнадаступны каляндар, а заяўнікі маглі ведаць загадзя, у якія даты будзе даступна грамадскае месца для правядзення масавага мерапрыемства.

Афіцыйная Беларусь не аспрэчвае, што брэсцкія актывісты Аляксандр Кабанаў і Сяргей Пятрухін выступалі супраць парушэння працэдуры грамадскіх абмеркаванняў па пытанні будаўніцтва акумулятарнага завода, а таксама яго патэнцыйнага ўздзеяння на здароўе насельніцтва і навакольнае асяроддзе. Такім чынам, Камітэт лічыць, што Кабанаў і Пятрухін імкнуліся ажыццявіць свае правы ў адпаведнасці з Канвенцыяй.

Таксама Камітэт адзначае, што Беларусь не падала інфармацыі, якая абгрунтоўвае неабходнасць прэвентыўных затрыманняў 23 лютага 2018 году Сяргея Пятрухіна і Аляксандра Кабанава, а таксама не патлумачыла, як пратэстная акцыя, на якой прысутнічала б два чалавекі, можа падпадаць пад катэгорыю "масавага мерапрыемства". Гэта таксама не было растлумачана ў адпаведных пастановах суда.

"Іншымі словамі, Беларусь не падала дастатковых прававых падстаў для прызнання гэтых асобаў тымі, хто удзельнічае ў дзейнасці, забароненай Законам "Аб масавых мерапрыемствах", што магло бы апраўдаць вынясенне папярэджанняў, не кажучы ўжо пра затрыманні і прызначаныя ім штрафы", - адзначаецца ў дакуменце.

Адпаведна, Беларусь не змагла даказаць, што затрыманне і штраф у дачыненні да Кабанава і Пятрухіна служылі законнай мэце. Больш за тое, Камітэт адзначае, што памер штрафу з'яўляецца непрапарцыйным, бо перавялічвае сярэднямесячны даход у Беларусі.

Нарэшце, Камітэт у сваім аглядзе робіць выснову аб тым, што Беларусь так і не распачала неабходных і дастатковых мер для забеспячэння таго, каб прадстаўнікі грамадскасці не падвяргаліся за сваю дзейнасць пакаранню, пераследам або ўціскам ў любой форме за ажыццяўленне сваіх правоў у адпаведнасці з Канвенцыяй.

13 сакавіка 2019 года ў Жэневе Камітэт па выкананні Орхускай канвенцыі разгледзіць ход выканання Беларуссю Рашэнні VI / 8c Сустрэчы Бакоў Канвенцыі ад 2017 года аб захаванні сваіх абавязацельстваў па Канвенцыі.

Нагадаем, раней «Экадом» праінфармаваў Камітэт па выкананні Орхускай Канвенцыі аб фактах пераследу і аказання ціску на актывістаў і актывістак Брэста, якія змагаюцца супраць будаўніцтва акумулятарнага завода.


  Навіны ад Spring96.org у Telegram. Падпішыся на наш канал https://t.me/viasna96

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства