viasna on patreon

Заява ГА "БАЖ" і Беларускага ПЭН-цэнтра з нагоды прысуду Марыне Золатавай

2019 2019-03-05T09:00:00+0300 2019-03-05T11:41:00+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/pen-baj-1.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Заява ГА "БАЖ" і Беларускага ПЭН-цэнтра з нагоды прысуду Марыне Золатавай

4 сакавіка суд Заводскага раёна Мінска пакараў галоўнага рэдактара самага папулярнага беларускага інтэрнэт-партала Tut.by Марыну Золатаву штрафам у 7 650  рублёў паводле абвінавачання ў бяздзеянні службовай асобы (арт. 425 Крымінальнага кодэкса) і спагнаў на карысць БелТА працэсуальныя выдаткі ў памеры 6 000 рублёў. Прысуд у законную сілу пакуль не ўступіў.

Марына Золатава — адзіная асоба, крымінальная справа якой была перададзена ў суд па так званай “справе БелТА”. Астатнія фігуранты справы (не менш за 14 чалавек), якія абвінавачваліся ў несанкцыяваным доступе да інфармацыі дзяржаўнага інфармагенцтва (ч. 2 арт. 349 Крымінальнага кодэкса), былі вызвалены ад крымінальнай адказнасці з прыцягненнем да адміністрацыйнай адказнасці ў выглядзе буйных штрафаў і фактычным прымусам да выплаты кампенсацый дзяржаўным медыям БелТА і “СБ.Беларусь сегодня”. Памер кампенсацыі вызначаўся па методыцы, якую нельга прызнаць справядлівай і абгрунтаванай.

ГА “БАЖ” і Беларускі ПЭН-цэнтр ад пачатку звязвалі так званую “справу БелТА” з ціскам на свабоду слова. Ператрусы ў кватэрах журналістаў і рэдакцыях, кароткачасовыя затрыманні журналістаў і рэдактараў (пераважна — жанчын), адабранне прафесійнай тэхнікі, неабходнай для працы журналістаў і рэдакцый падчас папярэдняга следства па крымінальнай справе, выглядалі яўна празмернымі і накіраванымі на запужванне журналісцкай супольнасці.

Падчас судовага працэсу стала вядома пра праслухоўванне тэлефоных размоў Марыны Золатавай і некаторых журналістаў задоўга да ўзбуджэння крымінальнай справы. Шэраг журналістаў у судовым працэсе заявілі, што супрацоўнікі Следчага камітэту аказвалі ціск на іх падчас допытаў з мэтай атрымаць паказанні супраць Марыны Золатавай.

Само абвінавачанне ў бяздзейнасці службовай асобы выглядае спробай прыцягнуць яе да крымінальнай адказнасці любымі сродкамі. Пра палітычны характар пераследу сведчаць і празмернасць асабістага дагляду прысутных падчас разгляду судовай справы у будынку суда.

ГА “БАЖ” і Беларускі ПЭН-цэнтр заклікаюць улады Беларусі:

неадкладна спыніць непрапарцыйнае ўмяшальніцтва дзяржаўных органаў у працу журналістаў і недзяржаўных СМІ;

прыняць меры для адмены прысуду Марыны Золатавай і вызваліць яе ад крымінальнай адказнасці.

Мы ўпэўненыя, што жорсткія меры супраць журналістаў, якія праходзілі па “справе БелТА”, не паўплываюць на рэдакцыйную палітыку незалежных медыяў.

4 сакавіка 2019 года

ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"

Беларускі ПЭН-цэнтр


 Навіны ад Spring96.org у Telegram. Падпішыся на наш канал https://t.me/viasna96

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства