На Паліенку і Гусеву складаюць новыя пратаколы. Верагодна, яны затрыманы
Сацыяльнага актывіста і былога палітвязня 26 лютага Змітра Паліенку ізноў спрабавалі затрымаць. Як паспеў паведаміць сам актывіст у сваім Facebook, з самага ранку каля яго дома дзяжурыла міліцыя і прыкладна раз на гадзіну спрабавала трапіць да яго ў кватэру.
З размовы з адным з міліцыянтам – участковым Дзянісам Клінцэвічам - Паліенку стала зразумела, што запыт нібыта прыйшоў з КДБ: на яго і актывістку Насту Гусеву хочуць скласці пратаколы па атрыкулах аб экстрэмізме (17.11 КаАП) і аб несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве (23.34 КаАП). Верагодна – за фота з белымі аркушамі паперы каля РУУС, на якія пазней актывісты дадалі надпісы.
Міліцыянты хацелі ўзяць тлумачэнні па гэтай новай справе, аднак Зміцер вырашыў, што штосьці тлумачыць будзе непасрэдна ў самім РУУС і самастойна паехаў туды. З ім паехала і Наста Гусева.
Па стане на 18.00 Наста і Зміцер знаходзяцца ў Заводскім РУУС. Ці застануцца яны ў статусе затрыманых на ноч - пакуль невядома.
Навіны ад Spring96.org у Telegram. Падпішыся на наш канал https://t.me/viasna96