viasna on patreon

Гадавіна пратэстаў супраць будаўніцтва завода АКБ у лічбах і фактах Фота

2019 2019-02-26T12:50:00+0300 2019-02-27T07:44:27+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/galuby.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

25 лютага споўніўся год з дня пачатку масавага пратэсту гараджан супраць будаўніцтва каля Берасця завода акумулятарных батарэй кампаніяй АйПауэр.

Генератарам стыхійных пратэстаў стала анлайн-трансляцыя з удзелам блогераў Аляксандра Кабанава і Сяргея Пятрухіна, пад час якой яны агучылі свае планы выйсці 25 лютага на цэнтральную плошчу Брэста, калі мясцовыя ўлады не прымуць рашэнне аб спыненні будаўніцтва акумулятарнага завода каля горада. 22 лютага яны атрымалі папярэджанне ад пракуратуры, а 23 лютага былі затрыманыя і да суда змешчаныя ў ІЧУ.

Акцыя супраць будаўніцтва завода АКБ ў Берасці. Фота: Уладзіміра Вялічкіна.

25 лютага адбыліся суды над блогерамі. Яны былі абвінавачаныя ў падбухторванні да ўдзелу ў несанкцыянаваным масавым мерапрыемствае па арт 23. 34 КаАП і пакараныя штрафамі ў памеры 50 базавых велічын.

Канстанцін Астапук у касцюме ліса. Фота Уладзіміра Вялічкіна


Так распачалося адно з самых працяглых і крэатыўных у сучаснай гісторыі Беларусі супрацьстаянне мясцовых уладаў і грамадзян, якое атрымала назву “кармленне галубоў”.


Практычна кожную нядзелю на цэнтральнай плошчы Берасця збіраюцца жыхары горада і яго наваколляў, каб звярнуць увагу уладаў і грамадскасці на экалагічны аспект будаўніцтва шкоднай вытворчасці ў непасрэднай блізкасці ад населеных пунктаў і абласнога цэнтра.

Акцыя супраць будаўніцтва завода АКБ ў Берасці. Фота: Уладзіміра Вялічкіна.

Такая актыўнасць нервуе гарадскія ўлады і яны прымаюць контрзахады: агучваюць рэляцыі і рэлізы пра бяспечнасць вытворчасці, затрымліваюць і судзяць найбольш актыўных удзельнікаў акцый пратэсту, журналістаў якія асвятляюць пратэст, а таксама праваабаронцаў, якія займаюцца назіраннем і маніторынгам – Рамана Кісляка і Уладзіміра Вялічкіна.

Акцыя супраць будаўніцтва завода АКБ ў Берасці. Фота: Уладзіміра Вялічкіна.

Па звестках праваабаронцаў “Вясны”, усяго суды Берасця за ўдзел у акцыях пратэсту, альбо за заклікі да ўдзелу, пакаралі за гэты час 27 чалавек, частка з іх па некалькі разоў. Многія, пры гэтым, да суда затрымліваліся на суткі–двое. 

Акцыя анархістаў у Берасці.

Агульная сума штрафаў, вынесеная пастановамі аб адміністрацыйным правапарушэнні, склала 730 базавых велічынь, альбо 17 900 рублёў. Трое з удзельнікаў акцый – Сяргей Пятрухін, Аляксандр Кабанаў і Мікола Статкевіч былі пакараныя арыштамі на 5 сутак.

Акцыя супраць будаўніцтва завода АКБ ў Берасці. Фота:

Абсалютным рэкардсменам па штрафах стаў блогер Сяргей Пятрухін – 240 базавых велічынь (2800$). Сярод тых праціўнікаў будаўніцтва акумулятарнага завода, якія найбольш пацярпелі ад пераследу ўладаў таксама Аляксандр Кабанаў – 140 б.в., Дзмітрый Андрасюк – 60 б.в. і Віталь Казак – 50 базавых велічынь.

Снегавік, з-за якога завялі справу. Фота з сайта b-g.by

Самы маленькі штраф – 1 базавую велічыню – атрымала Юля Нічыпарук, якая, па сведчаннях супрацоўнікаў міліцыі, зляпіла снегавіка каля прадпрыемства “АйПауэр”.

 


   Навіны ад Spring96.org у Telegram. Падпішыся на наш канал https://t.me/viasna96

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства