"Дзея" паскардзілася ў Вярхоўны суд на адмову ў рэгістрацыі
Праваабаронча-асветнае аб’яднанне „Дзея” накіравала ў Вярхоўны суд скаргу на адмову Міністэрства юстыцыі ў афіцыйнай рэгістрацыі. Заснавальнікі арганізацыі лічаць, што аргументы Мінюста недастатковыя для прыняцця рашэння аб адмове ў рэгістрацыі, паведамляе "БелаПАН".
Як паведамляе прэс-служба аб’яднання, чыноўнікі не прызнаюць сапраўднай заяву на рэгістрацыю, паколькі яе падпісаў упаўнаважаны ўстаноўчым сходам чалец савета „Дзеі”, а не канцлер, які быў абраны саветам пасля ўстаноўчага сходу. Гэтая прэтэнзія, лічаць у арганізацыі, супярэчыць палажэнням закона „Аб грамадскіх аб’яднаннях”, згодна з якім, заява можа падпісвацца як кіраўніком арганізацыі, так i iншай упаўнаважанай па статуце асобай.
Другой прэтэнзіяй Мінюста стаў факт непадавання заяўнікамі спіса асоб, якія прысутнічалі на ўстаноўчым мерапрыемстве. На самой жа справе такі спіс, падкрэсліваюць у арганізацыі, быў пададзены разам з заявай аб рэгістрацыі і пералічаны як адзін з дадаткаў. „Не можа пара памылак друку ў спісе заснавальнікаў быць падставай для нерэгістрацыі. Гэтае рашэнне непрапарцыйнае і непрафесійнае. Тым больш, што Мінюст сам парушыў тэрміны прадстаўлення адказу”, — падкрэсліў чалец савета „Дзеі” Максім Ціханаў. „Калі ўзяць пад увагу колькасць памылак і памылак друку (іх чатырнаццаць) у тэксце ліста ад Мінюста, то яго можна таксама лічыць несапраўдным, — адзначыў яшчэ адзін чалец савета Алесь Лагвінец. — Таму „Дзея” будзе дзейнічаць. Спадзяемся, у Вярхоўнага суда хопіць здаровага розуму і прафесіяналізму, каб адмяніць рашэнне Мінюста і зарэгістраваць нашу арганізацыю, якая яшчэ летам 2017 года была зарэгістраваная ў Літве”.
Устаноўчы сход „Дзеi” адбыўся 10 лістапада 2018 года. Гэта была другая спроба афіцыйнай рэгістрацыі арганізацыі ў Беларусі. Першая была зробленая ў 2017 годзе, але Міністэрства юстыцыі ў рэгістрацыі адмовіла. У сходзе бралі ўдзел 55 чалавек (для падачы дакументаў на рэгістрацыю неабходны ўдзел ва ўстаноўчым з’ездзе не менш як 50 чалавек). У адпаведнасці са статутам, мэтамі арганізацыі з’яўляюцца: спрыянне пабудове грамадзянскай супольнасці і прававой дзяржавы, сцвярджэнню прынцыпаў свабоды, дэмакратыі і правоў чалавека ў Беларусі; стварэнне неабходных умоў для асветы грамадзян у галіне абароны і прасоўвання правоў чалавека; спрыянне забеспячэнню незалежнасці і суверэнітэту краіны, павышэнню яе міжнароднага аўтарытэту як дэмакратычнай прававой дзяржавы.
Навіны ад Spring96.org у Telegram. Падпішыся на наш канал https://t.me/viasna96