Ігар Комлік: Паклёп у Беларусі ўжо ўзаконілі?
Сёння, 14 лютага, у судзе Цэнтральнага раёна Мінска лідарам прафсаюза РЭП Генадзю Фядынічу і Ігару Комліку было адмоўлена ў іх іскавых патрабаваннях. Іск аб абароне гонара, годнасці і дзелавой рэпутацыі быў пададзены да сайта belnovosti.by.
“Такое рашэнне азначае, што пэўным людзям можна ўзвесці паклёп на іншых, і ім за гэта нічога не будзе”, – пракаментаваў сайту palitviazni.info судовы вырак Ігар Комлік.
Нагадаем, што ў маі мінулага года, калі прысуд фігурантам палітычна матываванай “справы прафсаюза” Генадзю Фядынічу і Ігару Комліку яшчэ не быў вынесены, на вышэйзгаданым сайце з’явілася публікацыя пад назвай “Фіктыўны РЭП Фядыніча”.
У артыкуле, у прыватнасці, сцвярджалася: “У 2015 годзе Комлік набыў двухпакаёвую кватэру коштам не менш за 42 тысячы еўра і дом за горадам – каля 42 тысяч еўра. Фядыніч, як сапраўдны лідар і абаронца працоўных, у тым жа 2015 годзе зарэгістраваў дом коштам каля 100 тысяч еўра, які пабудаваў на адным з зямельных участкаў пад Мінскам”.
Яшчэ летам мінулага года Фядыніч і Комлік падавалі іск аб абароне гонару, годнасці і дзелавой рэпутацыі, але тады суд не прыняў яго да разгляду. 25 студзеня прайшлі папярэднія слуханні, працэс працягнуўся 13 лютага. А 14 лютага было вынесена канчатковае рашэнне па іску.
“Як вядома, адказчыкам выступала юрыдычная асоба – прыватнае унітарнае прадпрыемства “Медыя Навіны”, – кажа Ігар Комлік. – Падчас усіх пасяджэнняў, мы так і не атрымалі адказ, на якой падставе былі надрукаваны факты, якія наводзілі на нас паклёп. А пытанняў было шмат. Дзе доказы таго, што мы як быццам за прафсаюзныя грошы набылі сабе маёмасць? У рэшце рэшт, дзе знаходзіцца гэтая міфічная маёмасць? На гэтыя пытанні прадстаўнікі адказчыка так і не змаглі адказаць альбо прадаставіць дакументальную аргументацыю тых фактаў, якія прыводзіліся ў артыкуле”.
Са слоў Ігара Комліка, усе спасылкі ў адказчыкаў ішлі на судовае рашэнне, якое было вынесены прафсаюзным лідарам па нясплаце падаткаў.
“Па-першае, пры чым тут судовае рашэнне, калі публікацыя з’явілася яшчэ да таго, як яно было вынесены? – здзіўляецца ён. – Па-другое, у судовым рашэнні ні слова не было пра тую маёмасць, пра якую згадвалася ў артыкуле. Нам не прад’яўлялі на судзе прэтэнзіі, што быццам бы за прафсаюзныя грошы мы набывалі сабе нерухомасць. Больш за тое! Яшчэ раней суд рабіў запыт у Дзяржаўны рэестр уліку нерухомасці, і адтуль прыйшоў адказ, што на мне наогул няма ніякай нерухомасці. У 2014 годзе памер цесць, і жонцы разам з братам перайшла бацькава кватэра і невялікае лецішца. Вось з гэтай інфармацыі, відаць, і “зляпілі” сенсацыю пра тое, як я скраў у прафсаюза грошы і набудаваў сабе “маёнткі”.
Адным словам, справа тут вельмі простая, а сітуацыя відавочная. І ў той жа час суддзя выносіць рашэнне: адмовіць нам з Фядынічам у іскавых патрабаваннях да адказчыка. Маўляў, прадстаўнікі адказчыка іскавыя патрабаванні не прызналі”.
Ігар Комлік дадае, што на судзе так і не высвятлілася, хто аўтар публікацыі.
“Прадстаўнікі адказчыка заявілі, што публікацыю падрыхтаваў аўтарскі калектыў, — працягвае суразмоўца. – Мы хацелі даведацца прозвішчы “аўтарскага калектыва”, але суд адхіліў наша хадайніцтва. Таму не выключаю, што артыкул быў заказны і рыхтавалі яго людзі з тых структур, якія не любяць “свяціцца”. А сайт стаў проста інструментам для “зліву інфармацыі”. І, як бачым, суд вырашыў стаць на бок аўтараў публікацыі. Крыўдна! Няўжо ў Беларусі публічны паклёп на людзей ужо ўзаконілі?”
Тым не менш, па словах, прафсаюзнага актывіста, кропка ў гэтай справе не пастаўлена:
“Мы, безумоўна, у бліжэйшы час абскардзім рашэнне раённай інстанцыі ў Мінскім гарадскім судзе. А калі і там не знойдзем праўду, то пройдзем усе ступені абскарджвання – аж да міжнародных структур”.
Навіны ад Spring96.org у Telegram. Падпішыся на наш канал https://t.me/viasna96