Ці кампенсуе суд незаконна знішчаныя кнігі?
ПЦ "Вясна" стала вядома, што прызначана дата разгляду справы па незаконнаму знішчэнню літаратуры Ігара Багачака на 18 лютага. Працэс пачнецца ў 14.30 у суде Савецкага раёна г. Мінска.
Грамадскі актывіст накіраваў пазоў, у якім прасіў спагнаць з дзяржавы на яго карысць 700 беларускіх рублёў за знішчаныя без пастановы суда кнігі і друкаваныя выданні, што былі канфіскаваныя ў яго падчас агляду ў сакавіку 2017 года. Адказчыкам выступіць фінансавы аддзел адміністрацыі Савецкага раёна, а трэцяй асобай заяўлена ўпраўленне ўнутраных спраў гэтага ж раёна.
Нагадаем, напярэдадні Дня волі – 23 сакавіка 2017 года – да актывіста прыйшлі з аглядам супрацоўнікі Савецкага РУУС г. Мінска. Яны нібыта шукалі зброю, выбуховыя рэчавы, аднак замест гэтага забралі 70 кніг і іншых друкаваных выданняў, а ў адносінах да Ігара Багачака склалі пратакол па арт. 17.11 КаАП – “Распаўсюджванне, выраб, захоўванне, перавозка інфармацыйнай прадукцыі, якая змяшчае заклікі да экстрэмісцкай дзейнасці ці прапагандуе такую дзейнасць”. Аднак справа да суда так і не дайшла, а кнігі ўсё адно былі знішчаныя. Ігар Багачак абскардзіў такія незаконныя дзеянні супрацоўнікаў міліцыі, за што у выніку адзін з іх быў пазбаўлены бягучай прэміі.
Цяпер справа за судом.
Навіны ад Spring96.org у Telegram. Падпішыся на наш канал https://t.me/viasna96