viasna on patreon

Калегія Менскага гарадзкога суду пакінула ў сіле прысуд па справе нядаўна зачыненай уладамі незалежнай газэты "Наша Свабода"

2002 2002-09-13T10:00:00+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Калегія Менскага гарадзкога суду 12 верасьня разгледзела касацыйную скаргу галоўнага рэдактара нядаўна зачыненай уладамі незалежнай газэты "Наша Свабода" Паўла Жука й журналіста Міхаіла Падаляка. Прысуд першай інстанцыі - суду Маскоўскага раёну - калегія гарадзкога суду пакінула ў сіле. Нагадаем: месяц таму старшыня суду Маскоўскага раёну Менску Анатоль Савіч вынес рашэньне аштрафаваць рэдакцыю газэты "Наша свабода" на 100 мільёнаў рублёў і журналіста Міхаіла Падаляка - на 5 мільёнаў. Нібыта за ўчыненую маральную шкоду старшыні Дзяржкантролю Анатолю Тозіку. Галоўны рэдактар "Нашай Свабоды" Павал Жук і журналіст Міхаіл Падаляк зьвярнуліся з касацыйнай скаргай у наступную судовую інстанцыю.
У чацьвер, 12 верасьня, калегія Менскага гарадзкога суду ў складзе судзьдзяў Жупікавай, Дулуп і Басава вельмі апэратыўна й хутка разгледзелі скаргу.
Распавядае юрыст Цэнтру прававой абароны СМІ пры Беларускай асацыяцыі журналістаў Андрэй Бастунец, які рэпрэзэнтаваў у судзе інтарэсы газэты.
А.Б.: - Былі прадстаўнікі бакоў на гэтым паседжаньні. Яны мелі магчымасьць выказаць свае пазыцыі. Але ў мяне склалася гэткае ўражаньне: якія б аргумэнты ні прыводзіліся адказчыкамі, рашэньне суду было непахіснае менавіта таму, што яно тычылася вельмі высокай службовай асобы - старшыні Дзяржкантролю Анатоля Тозіка.
Зь сёньняшняга дня судовае рашэньне набывае сілу. Але рэдакцыя яшчэ мае магчымасьць падаваць скаргі ў парадку нагляду - спачатку старшыні Менскага гарадзкога суду, а потым у Вышэйшы гаспадарчы суд ці, да прыкладу, у пракуратуру краіны. 12 верасьня Павал Жук і Міхаіл Падаляк падалі заяву ў пракуратуру Беларусі.
Расказвае юрыст Андрэй Бастунец.
А.Б.: - Яны зьвінавачваюць судзьдзю, які вынес рашэньне ў першай інстанцыі - Анатоля Савіча - за тое, што ён парушыў патрабаваньні Крымінальнага кодэксу, а менавіта стварыў найбольш спрыяльныя ўмовы для грамадзяніна ў залежнасьці ад ягонага службовага становішча. Сваю заяву яны абгрунтавалі тым, што старшыня Маскоўскага суду Анатоль Савіч і справу па скарзе Анатоля Тозіка разглядаў за больш кароткі тэрмін, чым калі б заяву падаў звычайны грамадзянін. І вынес рашэньне на гэтакую вялікую суму (звычайна ў беларускай судовай практыцы не выносяцца рашэньні на такія астранамічныя сумы). Да таго ж, адразу арыштаваў маёмасьць і рахунак газэты, што прывяло да спыненьня дзейнасьці рэдакцыі. Больш за тое: яны патрабуюць разабрацца зь незаконным праслухоўваньнем тэлефонных размоваў, бо лічаць, што арышт рахунку й сродкаў, паступілых у друкарню на аплату апошняга нумару газэты 27 жніўня, які так і ня быў надрукаваны, адбыўся пасьля праслухоўваньня іхных размоваў і перахопу факсу. Літаральна праз гадзіну пасьля перасылкі факсу й тэлефонных размоваў сродкі былі арыштаваныя, што дае падставу сьцьвярджаць: нехта праслухоўваў тэлефоны.
Цікава, што днямі ў пракуратуру краіны з аналягічнай заявай наконт праслухоўваньня тэлефонных размоваў зьвярнуўся лідэр АГП Анатоль Лябедзька. У Крымінальным кодэксе Рэспублікі Беларусь ёсьць адмысловы артыкул 203 - парушэньне тайны перапіскі, тэлефонных перамоваў, тэлеграфных альбо іншых паведамленьняў. Максымальнае пакараньне за гэта - арышт да 6 месяцаў, альбо пазбаўленьне волі тэрмінам да двух гадоў. Але ў судовай практыцы Беларусі не было яшчэ ніводнай справы па гэтым артыкуле.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства