viasna on patreon

Каравянкову і Калтыгіну выклікаюць у РУУС, каб узяць адбіткі пальцаў

2019 2019-02-05T14:59:16+0300 2019-02-20T13:04:19+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/korovenkova_dsc7408.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Сёння, 5 лютага, журналістцы недзяржаўнага інфармацыйнага агенцтва БелаПАН Таццяне Каравянковай патэлефанаваў невядомы. Назваўшыся супрацоўнікам Партызанскага РУУС Мінска, ён запатрабаваў прыйсці ў міліцыю, каб здаць адбіткі пальцаў, паведамляе "БАЖ".

Пра гэта Таццяна Каравянкова паведаміла на сваёй старонцы ў Facebook.

“У дачыненні вас распачыналася крымінальная справа па 349-ым артыкуле. Паводле закона, усе, у дачыненні каго распачыналася крымінальная справа, абавязаныя здаць дактыласкапію. Вы павінны да нас явіцца”, — заявіў тэлефонны суразмоўца.

“На просьбу даслаць мне афіцыйную позву, каб я магла прыйсці з адвакатам, пачаў пытацца, маўляў, хто гэта вам сказаў, што мы абавязаныя позву дасылаць. Кажу: “Адкуль я ведаю, хто вы? Можа, вы — сусед Вася, які вырашыў пажартаваць”. А ён такі: “Дык я ж вам прадставіўся””, — пераказвае тэлефонную размову журналістка.

Як распавяла Таццяна Каравянкова ў гутарцы з прэс-службай ГА “БАЖ”, на чарговую прапанову даслаць ёй афіцыйную позву, незнаёмец адмаўляўся гэта зрабіць, але прасіў нумар тэлефона яе адваката — маўляў, каб папрасіць яго растлумачыць сваёй падабароннай, што яна абавязаная здаць адбіткі пальцаў.

Развіталася журналістка з ім на прапанове ўсё ж такі даслаць позву, як таго патрабуе заканадаўства.

Як паведаміла прэс-службе ГА “БАЖ” рэдактар партала TUT.BY Ганна Калтыгіна, ёй таксама сёння патэлефанавалі з Партызанскага РУУС з прапановай прыехаць і здаць адбіткі пальцаў.

“Паколькі да гэтага я азнаёмілася з законам аб абавязковай дактыласкапіі, а да гэтага (яшчэ ў мінулым годзе) кансультавалася з адвакатам, то была вымушаная адказаць адмовай на іх запрашэнне з фармулёўкай: “у законе не гаворыцца пра тое, што сведкі, у дачыненні якіх быў спынены крымінальны пераслед, належаць дактыласкапіі”, — кажа Ганна Калтыгіна.

Таццяна Каравянкова і Ганна Калтыгіна праходзілі ў якасці абвінавачаных па "справе БелТА". Крымінальную справу супраць Каравянковай спынілі 26 лістапада 2018 года. 27 лістапада спыненая таксама справа Ганны Калтыгінай (і яшчэ чатырох супрацоўнікаў TUT.BY).

Было задаволенае хадайніцтва аб спыненні вытворчасці па крымінальнай справе на падставе арт. 86 КК (вызваленне ад крымінальнай адказнасці з прыцягненнем асобы да адміністрацыйнай адказнасці). Акрамя кампенсацыі раней выстаўленай шкоды, журналісты заплацілі штраф у памеры 30 базавых велічынь (735 рублёў).

“Згодна з заканадаўствам Беларусі, падазраваныя (абвінавачаныя) у здзяйсненні злачынства мусяць праходзіць абавязковую дзяржаўную дактыласкапічную  рэгістрацыю. У такім выпадку адбіткі пальцаў бяруць супрацоўнікі органаў унутраных спраў, і, адпаведна, у іх ёсць паўнамоцтвы выклікаць для гэтага грамадзян, — каментуе сённяшнія нечаканыя тэлефанаванні журналісткам намеснік старшыні ГА “БАЖ”, юрыст Алег Агееў. — Аднак Таццяна правільна патрабуе выкліку позвай. З агульнадаступнай інфармацыі вядома, што крымінальная справа па арт. 349 у дачыненні да яе спыненая. Таму патрабаванні яўкі для здачы адбіткаў пальцаў сёння на гэтай падставе з'яўляюцца неабгрунтаванымі. Адпаведна, у Таццяны няма абавязальніцтва з'яўляцца па такім выкліку”.

Нагадаем, 7–9  жніўня 2018 года ў офісах кампаній TUT.BY і БелаПАН прайшлі ператрусы і затрыманні. Былі затрыманыя галоўны рэдактар ​​TUT.BY Марына Золатава, рэдактары партала Ганна Калтыгіна, Галіна Уласік і Ганна Ермачонак, галоўны рэдактар інфармагенцтва ​​БелаПАН Ірына Леўшына і міжнародны аглядальнік інфармагенцтва Таццяна Каравянкова, журналіст “Нямецкай хвалі” Паўлюк Быкоўскі і рэдактар ​​інтэрнэт-сайта газеты "Белорусы и рынок" Аляксей Жукаў. Усе яны правялі па некалькі сутак у ізалятары часовага ўтрымання на Акрэсціна.

Журналістаў і рэдакцыі падтрымалі Еўрасаюз, Савет Еўропы, ЗША, а таксама міжнародныя праваабарончыя арганізацыі.


   Навіны ад Spring96.org у Telegram. Падпішыся на наш канал https://t.me/viasna96

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства