Светлагорскае табу на мірныя сходы пройдзе праверку ў ААН
Праваабаронца са Светлагорску Алена Маслюкова звярнулася з індывідуальнай скаргай у Камітэт ААН па правах чалавека. На міжнародным узроўні яна ўзняла пытанне, чаму ў 70-ці тысячным горадзе немагчыма публічна выказаць пратэст, звязаны з экалагічнай праблемай горада, піша «Гомельская Вясна».
У мінулым годзе Алена двойчы заяўляла мірныя сходы ў раённым цэнтры і ў абодвух выпадках атрымлівала адмовы. Справа ў тым, што ў горадзе прынятае рашэнне, па якім мітынгаваць дазволена ў адзіным месцы – на стадыёне «Папернік». У іншых месцах забаронена, не паслухаеш уладу – рызыкнеш патрапіць пад санкцыі - буйны штраф або арышт да 15 сутак.
9 верасня мінулага года Алена Маслюкова несанкцыянавана сабрала людзей на цэнтральнай плошчы Светлагорска па праблеме, звязанай з экалагічнай сітуацыяй у горадзе. Людзі прыйшлі ў масках і з паветранымі шарамі зялёнага колеру. Раённы суд "выпісаў" ёй за гэта штраф, які перавышае сярэднюю зарплату ў раёне, а калі быць дакладным – 612 рублёў.
«Фактычна ў нашым горадзе на права кожнага аб свабодзе мірных сходаў і публічнае выказванне думкі накладзена табу», – заяўляе праваабаронца.
«Улада пасылае нас мітынгаваць на стадыён, а калі мы пагаджаемся, аказваецца для нас і там няма месца, у абодвух выпадках па інфармацыі чыноўнікаў там нібыта праводзіліся дзіцячыя мерапрыемствы. Іншымі словамі, улада цынічна хаваецца за дзяцей, забараняючы нам дарослым ўслых абмяркоўваць экалагічную праблему горада, звязаную з кітайскім заводам беленай цэлюлозы», - дадала Алена Маслюкова.
Праваабаронца Леанід Судаленка кажа, хоць у студзені бягучага года ў сілу ўступілі так званыя «касметычныя» папраўкі ў базавы закон аб масавых мерапрыемствах, якія дазваляюць у некаторых выпадках не прасіць дазвол на правядзенне мірных сходаў, тым не менш, з яго слоў, сітуацыя ўсё роўна цалкам знаходзіцца пад кантролем і табу чыноўнікаў.
«Вядома, што ў нас забараняецца праводзіць некалькі мерапрыемстваў у адным і тым жа месцы. У Светлагорску такім месцам вызначаны стадыён, на якім заўсёды нешта праходзіць - калі не трэніроўкі спартсменаў, дык дзіцячыя святы, якія ўлада арганізоўвае, каб не даць сабрацца супернікам завода беленай цэлюлозы. Атрымліваецца замкнёнае кола, права як быццам бы ёсць, а рэалізаваць яго немагчыма», - адзначыў праваабаронца.
У скарзе ў КПЧ ААН Алена Маслюкова акрамя ўстанаўлення парушэнняў яе правоў на мірны сход і выказвання меркавання просіць абавязаць беларускі ўрад змяніць базавы закон і рашэнне мясцовых уладаў аб масавых мерапрыемствах такім чынам, што б кожны меў на практыцы магчымасць публічна выступаць у абарону грамадскіх інтарэсаў.
Навіны ад Spring96.org у Telegram. Падпішыся на наш канал https://t.me/viasna96