Баранавічы: у павелічэнні месцаў для масавых мерапрыемстваў улады не зацікаўленыя Дакумент
Баранавіцкія гарадскія ўлады не пайшлі насустрач дэмакратычнай грамадскасці.
Як паведамляе Беларускае Радыё Рацыя, яны адмовілі грамадскім актывістам у пашырэнні месцаў для масавых мерапрыемстваў. Пра гэта даведаўся сябра Праваабарончага цэнтра “Вясна”, ініцыятар заявы ў Баранавіцкі гарвыканкам Сяргей Гоўша.
У адказе з гарвыканкама за подпісам першага намесніка старшыні Наталлі Фёдаравай было сказана, што месцы былі адведзены паводле законаў, вяртацца да гэтага пытання немэтазгодна, кажа спадар Гоўша:
– Мы патрабавалі змяніць, таму што нам выдзелілі месца ў старым закінутым парку, дзе людзі наогул не ходзяць. І мы патрабавалі, каб наогул не адно месца было, а каб іх было шмат. Там, дзе не забаронена, калі ласка, дайце нам гэту магчымасць.
Сяргей Гоўша ўпэўнены, што змяніць месцы для масавых мерапрыемстваў можна будзе толькі пасля змены гэтай улады. З сённяшняй уладай дамовіцца практычна немагчыма.