Беларускія ўлады высылаюць шматдзетнага ўкраінца за адміністрацыйнае парушэнне
40-гадовы ўкраінец Сяргей Працэнка дзесяць гадоў жыве ў Беларусі. Ён ажаніўся з жыхаркай Буда-Кашалёва. Сям’я выхоўвае траіх дзяцей, якім два, чатыры і дзевяць гадоў, паведамляе "Гомельская Вясна".
У кастрычніку 2018 году Буда-Кашалёўскі РАУС прыняў рашэнне аб высылцы Сяргея з Беларусі на тры гады — за адміністрацыйнае правапарушэнне. Мужчыну нападпітку на вуліцы затрымала міліцыя. Гэта і стала падставай для ягонай высылкі.
Рашэнне аб «высылцы шляхам добраахвотнага выезду з Рэспублікі Беларусь у інтарэсах грамадзкай бяспекі» прыняў Буда-Кашалёўскі РАУС. Скарга ў абласную міліцыю не прынесла плёну. Суд Буда-Кашалёўскага раёну пакінуў рашэнне міліцыі ў сіле.
Сяргей Працэнка звярнуўся па юрыдычную дапамогу ў гомельскае прадстаўніцтва Праваабарончага цэнтру «Вясна». Супольна з незалежным Прафсаюзам РЭП праваабаронцы падрыхтавалі скаргу ў Гомельскі абласны суд. Украінец уступіў у прафсаюз РЭП.
Скаргу ў Гомельскім абласным судзе ў апэляцыйным парадку разглядала калегія пад прадстаўніцтвам суддзі Валянціны Лукашэнкі.
Сяргей Працэнка тлумачыў на пасяджэнні, што звычайна не злоўжывае алькаголем, раскайваецца ў сваім правапарушэнні. Ён звяртаў увагу суду, што мае ў Беларусі сталую працу (грузчыкам на мясакамбінаце), жытло, жонку, малых дзяцей, крэдыты. У выпадку высылкі жонка застанецца практычна бяз сродкаў для існавання, таму што знаходзіцца ў дэкрэтным водпуску і атрымлівае толькі дапамогу на дзяцей.
«Мне падабаецца Беларусь, я тут маю шмат сяброў і хацеў бы застацца жыць са сваёй сям’ёй», — казаў на судзе Сяргей.
Дырэктар мясакамбінату, дзе працуе ўкраінец, сам ездзіў у міліцыю, каб прасіць пакінуць добрага работніка, не высылаць яго.
Прадстаўнікі судовай калегіі звярнулі ўвагу, што за 10 гадоў знаходжання ў Беларусі Сяргей Працэнка меў 14 правапарушэнняў. Украінец патлумачыў, што большая частка правапарушэнняў — адсутнасьць флікера.
Інтарэсы ўкраінца на судзе прадстаўляў сябра рады незалежнага прафсаюзу РЭП Андрэй Стрыжак. У судовых спрэчках ён выказаўся, што лічыць такое пакаранне, як высылка на тры гады, празмерна суровым. Ён дадаў, што працэдура высылкі была парушаная — Сяргей Працэнка, паводле Стрыжака, не атрымліваў паведамлення аб высылцы, а толькі гатовую пастанову.
«Сяргей Працэнка — шараговы жыхар Беларусі, не асацыяльная асоба, не нясе пагрозы грамадскай бяспецы. Ён мала чым адрозніваецца ад беларуса — мае сям’ю, жытло, крэдыт, працу. Справа тычыцца не толькі яго аднаго, але пяці чалавек — усёй сямʼі. І калі Сяргея вышлюць, гэта можа мець сурʼёзныя наступствы і значна пагоршыць матэрыяльна стан сям’і, якая можа трапіць у сацыяльна небяспечнае становішча.
Калі б закон так сурова ставіўся не толькі да іншаземцаў, але і беларусаў, то за такое правапарушэнне, як з'яўленьне ў стане алькагольнага апʼяненьня, можна было выслаць палову Буда-Кашалёва, асабліва ў пятніцу вечарам», — заявіў Андрэй Стрыжак.
Ён прасіў суд адмяніць пастанову аб высылцы ўкраінца і кіравацца пры вынясенні рашэння прынцыпамі гуманізму і сувымернасці.
Суд абвясціў перапынак да 24 студзеня — каб разабрацца, ці сапраўды буда-кашалёўская міліцыя парушыла працэдуру высылкі замежных грамадзян.
«Буда-Кашалёўскі РАУС займае вельмі дэструктыўную пазіцыю. Нягледзячы на тое, што справа цяпер разглядалася ў апэляцыйнай інстанцыі, міліцыя ўжо прыслала Сяргею выканаўчы ліст, што ён павінен быў выехаць з Беларусі яшчэ да 20 снежня, фактычна яны яго выштурхоўвалі з краіны, хоць рашэнне суду пакуль не набыло моц», — дадаў Андрэй Стрыжак.