У Мінску назвалі лаўрэатаў прэміі “Чэмпіёны грамадзянскай супольнасці 2018” Фота
Дзясятага студзеня ў Мінску ў прасторы "Корпус" прайшло ўрачыстае ўзнагароджанне лаўрэатаў прэміі “Чэмпіёны грамадзянскай супольнасці”, якую ўжо ў дзясяты раз праводзіць Асамблея няўрадавых дэмакратычных арганізацый. Журы вызначыла 10 самых важных і яркіх персон, кампаній, ініцыятыў ды падзей за 2018 год.
На гэты раз у шорт-ліст прэміі увайшло 57 прапаноў у 10 намінацыях.
У намінацыі “Лідэр/лідэрка года”, за значны асабісты ўнёсак у развіццё грамадзянскай супольнасці Беларусі ў 2018 годзе пераможцам стаў Павел Белавус – арганізатар святкавання 100-годзя БНР (“Свята незалежнасці”).
Лепшай новай ініцыятывай мінулага года па выніках галасавання журы быў прызнаны Універсітэт імя Ніла Гілевіча. Ён быў заснаваны ТБМ, каб выправіць ганебную сытуацыю з немагчымасцю атрымаць вышэйшую адукацыю на беларускай мове.
У намінацыі самая значная “Рэгіянальная падзея” з вялікім адрывам атрымала перамогу кампанія супраць будаўніцтва акумулятарнага завода ў Берасці.
У намінацыі “Крэатыў году” перамагла бацькоўская ініцыятыва "Дзеткі-кветкі“, якая ў мінулым годзе правяла грамадскі маніторынг моўнага статусу 106 дзіцячых садкоў у Мінску.
“Талака году” – новая намінацыя прэміі. За найбольш паспяховае далучэнне да грамадскай актыўнасці людзей праз краўдфандынг выйграла пляцоўка “Талака”.
Найлепшай медыяактыўнасцю году сталі кароткія ролікі ў сацсетках і перадача "Мова пра мову" Вінцука Вячоркі.
Антыпрэмія “Гарбуз” году ўручаецца за нэгатыўныя дзеянні ў дачыненні да арганізацый грамадзянскай супольнасці ды іх прадстаўнікоў. І сярод шасці “годных” прэтэндэнтаў журы палічыла, што гарбуз мусіць дастацца навінаваму агенцтву БелТА – віноўніку “справы БелТА”.
Найлепшай грамадскай кампаніяй года стала кампанія па адзначэньні 100-годдзя БНР.
Кааліцыйная праца праваабарончых НДА Беларусі пры падрыхтоўцы дакладу для КПЧ ААН была прызнана найлепшым партнерствам году.
Журналісткай года стала журналістка БелаПАН Таццяна Каравянкова, якая прафэсійна асвятляе грамадска-палітычныя тэмы ў Беларусі.
Прэмія “Чэмпіёны грамадзянскай супольнасці” адзначае найбольш значныя і яскравыя падзеі ў жыцці трэцяга сэктару. 23 снежня 2009 году ўпершыню адбылася нефармальная цырымонія ўзнагароджання найбольш выбітных грамадскіх ініцыятыў ды кампаній. Прэмія заснаваная Асамблеяй НДА. Пераможцаў абірае журы, у якое ўваходзяць сябры Рабочай групы, грамадзкія лідэры і экспэрты, пераможцы прэміі мінулых гадоў, журналісты.