viasna on patreon

Праваабаронцу “Вясны” Віктару Сазонаву прысудзілі штраф Дапоўнена

2018 2018-11-23T13:23:00+0300 2018-11-23T20:44:58+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/sazonau-sud-1.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Суд над Віктарам Сазонавым у Свіслачы. Фота: ПЦ "Вясна".

Суд над Віктарам Сазонавым у Свіслачы. Фота: ПЦ "Вясна".

Гарадзенскаму праваабаронцу Віктару Сазонаву пазванілі са Свіслацкага раённага суда і паведамілі, што адміністрацыйны працэс над ім пачнецца ў пятніцу, 23-га лістапада ў 14.15.  Справу па арт. 23. 34 КаАП (удзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве) будзе разглядаць суддзя Аляксандр Шылін.

“Гарадзенская Вясна” нагадвае, што суды ў Свіслачы будуць праходзіць за нібыта ўдзел у несанкцыянаванай акцыі 27-га кастрычніка. У гэты дзень, традыцыйна, у Свіслачы сабраліся актывісты каб ушанаваць памяць паўстанцаў 1863-га году. Людзі ўскладвалі кветкі да магілы Каліноўскага на свіслацкіх могілках, да помнікаў нацыянальным героям у самой Свіслачы і Якушоўцы, дзе была сядзіба Каліноўскіх. Запальвалі знічкі, распавядалі пра гераічныя падзеі мінулых часоў.

Віктар Сазонаў сёлета прысутнічаў у Свіслачы як назіральнік і праваабаронца, каб адсачыць дзеянні ўладаў і сілавікоў, паколькі кожны год апошнім часам удзельнікі гэтай акцыі падвяргаліся пераследу.

Раней, 15 лістапада, старшыня Свіслацкага раённага суду Аляксандр Шылін за ўдзел у акцыі засудзіў грамадскага актывіста Юрыя Глебіка паводле артыкулу 23.34 КаАП, частка 1 да 25 базавых велічынь штрафу. Ён жа 16 лістапада аштрафаваў іншага грамадскага актывіста Віктара Пяцельчыца да 10 базавых штрафу.

Дарэчы, гэта не першы суд над праваабаронцам, які традыцыйна назірае за акцыяй у Свіслачы. У 2015 годзе суд Свіслацкага раёна прысудзіў яму штраф у памеры 10 базавых велічынь нібыта за ўдзел у несанкацыянаванай акцыі. Сітуацыя паўтарылася і ў 2016 годзе, калі на Віктара Сазонава склалі пратакол за ўдзел у несанкцыянаванай акцыі ў Свіслачы на Дзень памяці паўстанцаў 1863 года і пакаралі штрафам у памеры 35 базавых велічынь. Сам праваабаронца сцвярджаў, што займаўся назіраннем за акцыяй і ўдзелу ў ёй не прымаў.

Мітынг у Свіслачы 27 кастрычніка. Фота:

Пачаўся разгляд справы. Сазонаў дае паказанні на беларускай мове. Віктар заявіў хадайніцтва аб прыцягненні ў якасці сведкі Уладзімера Хільмановіча, праглядзе відэа і каб пратакол вёўся на беларускай мове. Суддзя адказаў:

"Вашыя хадайніцтвы суд задавальняе, пратакол будзе весціся на рускай мове. Але ён можа быць дубліраваны на вашай роднай мове, гэта ваша права".

Віктар Сазонаў не згодны з тым, у чым яго вінавацяць. У рапартах не было яго прозвішча, але потым з'явіўся гэты пратакол.

Віктар тлумачыць, што ён прысутнічаў як грамадскі праваабаронца.

"Я стаяў там, дзе міліцыянты. Яны выконвалі свае грамадскія абавязкі, так і я выконваў свае грамадскія абавязкі. Я назіраў за ўсім, каб потым сведчыць на судах".

Сазонаў падкрэслівае, што прадстаўнікі міліцыі нават нікому не зрабілі заўвагу аб парушэнні заканадаўства. Хадзілі за ўсімі.

"Я з гонарам гавару, што я ўдзельнічаў як праваабаронца. Прадстаўнікі сілавых ведамстваў пераследуюць мяне па нейкіх асабістым матывах, ці за маю праваабарончую дзейнасць".

Сазонаў кажа, што прадстаўнікі польскага кансуляту ўдзельнічаюць у такіх мерапрыемствах, але на іх чамусьці не складаюць пратаколы. Удзельнікі нават правілы дарожнага руху не парушылі.

Сведка Аляксандр Мацкевіч кажа, што група асобаў, сярод якіх быў і Сазонаў, наведвалі могілкі. Сазонаў здымаў на фатаапарат. "Яны сфатаграфаваліся каля крыжа. Селі ў машыны і з'ехалі".

Сведка адказвае, што Сазонаў не трымаў сцягі, не рабіў прамовы. Заўвагі Віктару ён не рабіў.

Суд над Віктарам Сазонавым у Свіслачы. Фота: ПЦ

Наступны сведка распавядае, як збіраліся людзі. "Пайшлі да помніка. Не ведаю, каму ён стаіць... А потым паехалі ў вёску, дзе нарадзіўся Кастусь Каліноўскі ў Якушоўку".

Сведчыць, што Сазонава бачыў дакладна толькі ў Якушоўцы.

Усе сведкі падкрэсліваюць, што група асобаў выкарыстоўвала бел-чырвона-белыя сцягі. Апошні міліцыянт назваў той сход "невялікім мітынгам".

Ужо другі па ліку сведка падкрэслівае, што "Хільмановіч і іншыя хадзілі са сцягамі і рабілі прамовы".

Калі Сазонаў спытаў, чаму яму не рабілі заўвагі тады, сведка адказаў, што на той момант не было падставаў:

"Бо мы не ведалі, што гэта несанкцыянаванае мерапрыемства. Не было яшчэ інфармацыі з выканкама".

Трэцяя сведка - міліцыянтка, якая маніторыла папярэдне несанкцыянавае мерапрыемства. Паступіла інфармацыя, што прыедзе група асобаў для правядзення мітынгу.

"На той момант, шчыра скажу, мы тады яго не вызначылі. Мы толькі калі глядзелі відэа, тады міліцыянты яго пазналі", - кажа яна.  

Сазонаў робіць спробы выясніць, як з'явіўся пратакол, калі яго няма ў рапарце.

У якасці сведкі выступае Уладзімір Хільмановіч. Ён тлумачыць, што Сазонаў у той дзень прысутнічаў як праваабаронца. Назіраў, каб не было правакацый.

Суддзя пытае ў Хільмановіча, хто быў арганізатарам гэтага мерапрыемства. "Тут няма арганізатараў. Гэта проста ўшанаванне памяці, гэта права кожнага - прыйсці на могілкі і ўскласці кветкі і запаліць знічкі".

Таксама Хільмановіч кажа, што ўвогуле з міліцыянтаў ніхто не прадстаўляўся, ніхто не рабіў заўвагаў. Шмат вялося аператыўных здымак.

Сазонаў усё робіць спробы высвятліць, адкуль узялося яго прозвішча. Суддзя пытае, чаму ўвогуле ў рапарце пазначана 6 чалавек.

Міліцыянт Кедзік тлумачыць, што яны тады яшчэ не ведалі, ці дазволенае гэта мерапрыемства, бо не атрымалі інфармацыю з выканкама. Дарэчы, міліцыянтка сведчыла некалькі хвілінаў таму, што яны там знаходзіліся па папярэдняй інфармацыі аб правядзенні несанкцыянаванага мерапрыемства. Кедзік сказаў, што ў рапарце пазначана так мала людзей, бо не ўстанавілі ўсіх асобы на той момант.

У якасці доказаў незаконнасці дзеянняў Сазонава міліцыянты прадаставілі 3 відэазапісы, але па той прычыне, што ў зале суда няма тэхнікі, каб азнаёміцца з імі, суддзя запрасіў іх да прагляду ў свой кабінет.

Пасля перапынку Сазонаў заявіў хадайніцтва аб тым, каб прыцягнуць супрацоўнікаў міліцыі да адказнасці за ілжывыя сведчанні, бо відэа падцвярджае, што на самім шэсці Віктар не прысутнічае, а таксама відэа сведчыць, што ён трымаецца асобна, назірае за акцыяй і робіць фота.

Суддзя патлумачыў праваабаронцу, што яму трэба звярнуцца ў Свіслацкі РАУС.

Пасля чаго вынес пастанову аб прыцягненні да адміністрацыйнай адказнасці ў выглядзе штрафу ў памеры 15 базавых велічынь, або 367,5 рублёў.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства